Ніну Багінскую ў судзе вызвалілі без пакарання, а яе справу спынілі. Крымінальную справу 78-гадовай апазіцыйнай актывісткі разглядалі 30 мая ў Савецкім судзе Мінска.
Багінскую вінавацілі ў неаднаразовым парушэнні закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Нагодай сталі яе выхады ў 2024 годзе на мінскія вуліцы з бел-чырвона-белымі значкамі і нацыянальнай сімволікай.
Разгляд справы адбываўся ў закрытым рэжыме, паведамляе «Белсат». Суд пачаўся ў 10:30, цягнуўся каля дзвюх гадзін і скончыўся спыненнем крымінальнай справы. Суддзя Максім Трусевіч, вядомы шматлікімі палітычнымі прысудамі, прызначыў Багінскай «прэвентыўны нагляд». Магчыма, ён улічыў узрост Багінскай, нязначнасць «правапарушэння» (значок на каўнерыку паліто) і прымяніў артыкул 79 КК – «Асуджэнне без прызначэння пакарання».
Паведамляецца, што Багінская прынесла з сабой на суд дыск з запісам прамовы Аляксандра Лукашэнкі. 20 кастрычніка 2020 года ён выказаўся пра актывістку: «Вы глядзіце толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў».
У Багінскай вялікія праблемы са здароўем: яна мае шэраг цяжкіх хранічных захворванняў. Жанчына прынесла на суд дакументы, якія пацвярджаюць дыягназы.
вс