Беларуская Служба

Офіс Ціханоўскай прапанаваў канцэпцыю люстрацыі ў Беларусі

03.06.2025 17:54
Згодна з праектам, люстрацыя неабходная для «прадухілення рэцыдываў аўтарытарызму».
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Фота: newideas.center

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў прадставіў канцэпцыю «Люстрацыі для Беларусі».

Паводле дакумента, у будучыні для займання пэўных пасад (суддзяў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, рэктараў, ваенных, работнікаў дзяржсмі і г.д.) людзі павінны раскрыць сваю дзейнасць падчас праўлення Лукашэнкі. Для гэтага чалавек павінен самастойна падаць дэкларацыю аб сабе, якая пазней будзе правярацца спецыяльна створанымі «люстрацыйнымі органамі».

Люстрацыя ў Беларусі павінна грунтавацца на прынцыпах справядлівасці, законнасці і празрыстасці, забяспечваючы баланс паміж неабходнасцю ачышчэння дзяржаўнага
апарата і абаронай правоў чалавека, адзначаецца ў дакуменце.

Згодна з праектам, люстрацыя неабходна для «паспяховага пераходу да дэмакратычнага кіравання», «умацавання даверу грамадзян да дзяржаўных інстытутаў» і «прадухілення рэцыдываў аўтарытарызму».

Аўтары дакумента адзначаюць, што «сэнс люстрацыйнай дэкларацыі не ў тым, каб адхіліць ад працы ўсіх, хто меў дачыненне да мінулага рэжыму, а ў тым, каб даць шанц на супрацоўніцтва тым, хто гатовы сумленна прызнаць сваю дзейнасць і працаваць на карысць новай Беларусі».

Тых, хто трапіць пад люстрацыю, могуць звольніць з пасады, забараніць займаць пасаду на тэрмін ад 5 да 10 гадоў ці прапанаваць узяць удзел у праграме па рэабілітацыі.

Люстрацыйная праверка ахоплівае два гістарычныя перыяды, на працягу якіх дзяржаўныя органы і службовыя асобы ажыццяўлялі рэпрэсіўную, антыдэмакратычную або антыканстытуцыйную дзейнасць, якая парушае асноўныя правы і свабоды грамадзян.

Першы перыяд пачынаецца з 1 студзеня 1919 года — даты ўтварэння Сацыялістычнай.
Савецкай Рэспублікі Беларусь — і ахоплівае ўвесь час існавання савецкай улады аж да 26 снежня 1991 гады, калі Савет Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР прыняў Дэкларацыю № 142-Н, у якой афіцыйна канстатаваў, што са стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў СССР як дзяржава і суб'ект міжнароднага права спыняе сваё існаванне. На працягу гэтага часу выканаўчыя, партыйныя і адміністрацыйныя органы Беларусі былі неад'емнай часткай рэпрэсіўнага механізму Савецкага Саюза. Рэпрэсіі, масавыя дэпартацыі, знішчэнне палітычных апанентаў, пераслед іншадумцаў, прымусовая калектывізацыя — усе гэтыя злачынствы здзяйсняліся пад кіраваннем структур улады, у тым ліку партыйныя камітэты, органы дзяржаўнай бяспекі, пракуратуру і выканаўчыя органы на ўсіх узроўнях.

Другі перыяд пачынаецца з 29 снежня 1995 года і ахоплівае час да даты ўступлення ў сілу Закона аб люстрацыі. Ключавым момантам, які вызначае пачатак гэтага перыяду, стала Распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 1995 года №259 «Аб выкананні норм указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Гэтым распараджэннем Кабінету Міністраў і іншым дзяржаўным органам прадпісвалася забяспечыць безумоўнае выкананне пералічаных у распараджэнні ўказаў Прэзідэнта, якія разглядаліся Канстытуцыйным Судом і былі прызнаны поўнасцю або часткова не адпаведнымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.

вх