Прэс-служба польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) пракаментавала «Белсату» рассылку лістоў нібыта ад яе імя беларусам у Польшчы з патрабаваннем тэрмінова пакінуць межы краіны. У спецслужбе назвалі такія паведамленні дэзынфармацыяй.
У ABW пацвердзілі факт «фальшывай карэспандэнцыі, нібыта падпісанай намеснікам начальніка Агенцтва ўнутранай бяспекі, адрасаванай замежнікам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча».
«Ніводзін з выяўленых лістоў не мае прыкметаў афіцыйнага ліста, і, акрамя таго, яны змяшчаюць спасылкі на састарэлыя або неабавязковыя правілы», – гаворыцца ў адказе.
У польскім ведамстве таксама адзначылі, што праінфармавалі адрасатаў аб тым, што атрыманая імі карэспандэнцыя не паходзіць ад Агенцтва ўнутранай бяспекі. І што адпраўка любых лістоў адносна адміністрацыйных пастановаў, якія датычаць замежнікаў, не ўваходзіць у кампетэнцыю агенцтва.
«Вышэйназваныя дзеянні ёсць дэзынфармацыяй і могуць мець на мэце выклікаць грамадскі неспакой», – гаворыцца ў адказе.
Нагадаем, што 22 і 23 траўня прынамсі два беларусы ў Польшчы – у Гданьску і Варшаве – атрымалі дзіўныя лісты ад імя спецслужбаў з патрабаваннем пакінуць краіну. У лістах, падпісаных нібыта намеснікам начальніка ABW, гаворыцца, што адрасату анулявалі ягоны від на жыхарства праз ягоную незаконную дзейнасць у Польшчы і што яму трэба пакінуць краіну цягам 10 дзён. Інакш пагражаюць прымусова выслаць у Беларусь.
Абодва лісты мелі абсалютна аднолькавы змест і не ўтрымлівалі ніякіх асабістых звестак атрымальнікаў. Яны былі адпраўленыя з Германіі 14 траўня. Адпраўнік не пазначаны. У абодвух выпадках атрымальнікі лістоў – гэта людзі, якія вядуць камерцыйную дзейнасць, таму іхныя адрасы і грамадзянства можна адшукаць у адкрытым доступе. Адзін атрымальнік ліста, якога нібыта пазбаўляюць ВНЖ, ужо мае польскае грамадзянства.
Падобныя выпадкі раней здараліся ў Літве.
аз