Беларуская Служба

Улады Беларусі прыдумалі чарговае абмежаванне для агратурыстычнага бізнесу

17.06.2025 09:01
Міністэрства спорту і турызму вынесла на грамадскае абмеркаванне законапраект, у якім прадугледжаныя змены для тых, хто займаецца агра- і экатурызмам.
.
.RealAKP/pixabay.com/CC0

Адно з магчымых новаўвядзенняў — забарона аграсядзібам праводзіць спартова-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы.

У абгрунтаваньні да законапраекту гаворыцца:

«Суб’екты аграэкатурызму для арганізацыі гульняў і іншых рухомых мерапрыемстваў для аграэкатурыстаў фактычна ажыццяўляюць паслугі па пракаце інвентару для спорту і адпачынку, роўна як дзейнасць суб’ектаў аграэкатурызму не адпавядае крытэрам для ажыццяўлення педагагічнай дзейнасці ў сферы фізычнай культуры і спорту».

Улады, такім чынам, хочуць забараніць праводзіць спартова-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы ў аграсядзібах.

Таксама чыноўнікі маюць намер увесці цэнтралізаваны збор інфармацыі аб уладальніках аграсядзібаў. Для гэта плануецца пачаць весці цэнтралізаваны ўлік тых, хто займаецца агра- і экатурызмам з афіцыйным дазволам ад мясцовых уладаў.

У апошнія гады колькасць аграсядзібаў у Беларусі змяншаецца. Прычына — у змене заканадаўства. Уласнікі аграсядзібаў меліся перарэгістраваць сваю дзейнасць да 1 ліпеня 2023 году, а значыць, атрымаць дазвол з райвыканкаму. Аднак заяўкі падалі толькі каля паловы ўсіх гаспадароў, а атрымалі станоўчы вынік яшчэ менш.

Толькі да лета 2024 году колькасць аграсядзібаў у Беларусі паменшылася ў 2,5 раза. Калі ў пачатку 2023 году налічвалася 3043 сядзібы (рэальна працавалі 70%), то да 2024 году іх засталося каля 1200.

Свабода/ав