Беларуская Служба

Праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва пройдзе 19 чэрвеня ў Гомельскай вобласці

18.06.2025 17:25
Цікава, што праверкі праводзяцца ў тым ліку ў абласцях, якія мяжуюць з Украінай, куды рэгулярна ўрываюцца расійскія БПЛА.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Oto Zapletal/pixabay.com/CC0 Public Domain

Планавая тэхнічная праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва пройдзе 19 чэрвеня ў Гомельскай вобласці, папярэджвае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. «Захоўвайце спакой! Ніякіх дзеянняў не патрабуецца!» – заклікала ведамства. Аналагічныя праверкі праводзіліся ў гэтай вобласці 30 студзеня і 20 сакавіка, нагадвае «Позірк».

У Брэсцкай вобласці праверкі апавяшчэння з запускам сірэн былі 27 траўня, 8 красавіка, 22 красавіка ды 10 чэрвеня; у Мінскай – 16 красавіка і 11 чэрвеня; у Магілёве – 15–17 красавіка (у рамках вучэнняў па грамадзянскай абароне); па ўсёй Беларусі – 13 сакавіка.

Пра прычыны такіх частых праверак сістэм апавяшчэння МНС не паведамляе. Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той факт, што праверкі праводзяцца ў тым ліку ў абласцях, якія мяжуюць з Украінай, куды рэгулярна ўрываюцца беспілотныя лятучыя апараты, якія, як мяркуецца, належаць Расіі.

У Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў падзення бесполотнікаў на будынкі, аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма апавяшчэння, няма.

З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэмы апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

аз

Пазбаўленне волі можа пагражаць за незаконнае выкарыстанне беспілотнікаў

17.06.2025 17:16
Пазбаўленне волі хочуць увесці ў Беларусі за незаконны ўвоз і выкарыстанне беспілотнікаў.