Беларуская Служба

Блогер Коршун: Сваякі палітвязняў пытаюцца, чаму Ціханоўскі выйшаў, а іх блізкія працягваюць сядзець

25.06.2025 13:34
Былы палітвязень запэўнівае, што гэтае пытанне «ведае з першых вуснаў».
  .
Блогер Сяргей Коршун. Фота: nashaniva.com

Былы палітвязень Сяргей Коршун, які цяпер стаў блогерам, працягвае рэфлексаваць з нагоды вызвалення Сяргея Ціханоўскага. Яго цытуе «Наша Ніва».

Раней ён крытыкаваў Ціханоўскага за слёзы на прэс-канферэнцыі і раіў таму «ўзяць сябе ў рукі», цяпер жа ў чарговым выпуску навін на сваім ютуб-канале «Не беглы» паразважаў наконт таго, чаму ўвогуле Ціханоўскі апынуўся на волі. Сваю думку Коршун агучыў, спаслаўшыся на меркаванне «сваякоў палітвязняў»:

«Пра гэта не напішуць офісныя СМІ, бо наўрад ці ім цікавая думка сваякоў тысяч простых непублічных палітвязняў, якія працягваюць сядзець, сядзець без зразумелай перспектывы датэрміновага вызвалення. Вы ведаеце, якое пытанне яны задаюць сабе і адно аднаму?

Як так атрымалася, што адзін з лідараў пратэсту 2020 года выйшаў на волю, а нашы дзеці, мужы, жонкі, мамы, таты працягваюць сядзець? І на гэтае пытанне ім ніхто не адкажа.

Каб адразу крыху збіць хвалю хэйту — гэтыя пытанні ад сваякоў палітвязняў я ведаю з першых вуснаў. Для мяне гэта вельмі блізкая і балючая тэма, таму я абавязаны яе агучыць. Гэта не значыць, што Сяргей Ціханоўскі вінаваты ў тым, што яго выпусцілі, а іншых — не».

Коршун не ўдакладніў, хто ж, на яго думку, «вінаваты» ў вызваленні Ціханоўскага. Напрыканцы блогер выказаў пажаданне, каб Ціханоўскі «без офісных дарадцаў» разабраўся ў тым, што адбывалася апошнія пяць гадоў.

Сяргею Коршуну 47 гадоў. Ён служыў у міліцыі, быў звольнены з органаў у 2010-м. У 2020-м далучыўся да руху за перамены, быў аўтарам тэлеграм-канала «Армія з народам». Быў арыштаваны ў ліпені 2020 і прысуджаны да 4,5 года зняволення. Цалкам адбыў пакаранне, у ліпені 2024 года выйшаў на свабоду і неўзабаве з'ехаў з Беларусі.

Расчараваўшыся ў тым, што адбываецца ў эміграцыйнай палітыцы, Коршун разам з блогерам Сяргеем Пятрухіным сканцэнтраваўся на знішчальнай крытыцы Офіса Святланы Ціханоўскай і іншых дэмакратычных сіл.

нг