Беларуская Служба

У Беларусі збіраюцца судзіць сузаснавальніка кампаніі Wargaming

01.07.2025 19:01
Следчы камітэт 1 ліпеня распачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да былога топ-менеджара Wargaming Мікалая Кацалапава.
Ілюстрацыйнае фотаNEWS.BY/https://t.me/newsby_btrc

Прэс-служба СК паведамляе, што Кацалапаў абвінавачваецца паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361² (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290¹ (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Мужчыну прапанавана з’явіцца па адрасе, дзе знаходзіцца ўпраўленне СК па Мінску, паведамляе партал «Позірк. Навіны пра Беларусь».

Пачатак спецвытворчасці з наступным завочным судом у дачыненні да Кацалапава, які знаходзіцца за мяжой, быў анансаваны ў сюжэце «Цень. Цана тэрору» на тэлеканале АНТ 2 красавіка. Паведамлялася, што яму прад’яўлена абвінавачанне паводле некалькіх артыкулаў КК за данаты, пераводы ў крыптавалюце ў розныя ініцыятывы, прызнаныя лукашыстамі «экстрэмісцкімі».

Працэдура спецвытворчасці ў Беларусі прымянялася ў дачыненні да 148 чалавек. Гэта вытворчасць паводле крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. 

юл