Беларуская Служба

Беларускі верталёт Мі-24 збіў расійскі беспілотнік, які ляцеў ва Украіну

14.07.2025 08:58
Абломкі збітага беспілотніка ўпалі ў Гомельскай вобласці. 
Śmigłowiec Mi-24. Zdjęcie ilustracyjne
Śmigłowiec Mi-24. Zdjęcie ilustracyjneAleks822/shutterstock

12 ліпеня верталёт Мі-24 ВПС Беларусі атакаваў і знішчыў расійскі ўдарны беспілотнік «Гербера», які ляцеў у бок Украіны.

Пра гэта hromadske паведаміла крыніца ў Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны, інфармуе “Наша ніва”. 

Як адзначае суразмоўца, у гэты момант у паветранай прасторы Беларусі знаходзіліся як мінімум тры расійскія беспілотнікі. 

Верталёт войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі падчас выканання задачы па кантролі паветранай прасторы паведаміў аб выяўленні і знішчэнні ўдарнага беспілотніка. 

Паводле інфармацыі крыніцы, абломкі збітага беспілотніка ўпалі ў Гомельскай вобласці. 

Пра тое, што ў Гомельскім раёне ў ноч на 12 ліпеня быў збіты невядомы беспілотнік, паведамляў «Флагшток». 

Рэшткі дрона ўпалі ў раёне Зябраўкі каля гадзіны ночы. Хто менавіта і якім спосабам збіў апарат — невядома. 

Украінскія маніторынгавыя каналы перад гэтым не паведамлялі пра ўварванне дронаў у паветраную прастору Беларусі. Гэта магло сведчыць пра тое, што быў збіты малапрыкметны для ўкраінскіх радараў беспілотнік — напрыклад, расійская «Гербера». 

За дзень да гэтага, позна ўвечары 11 ліпеня ў Рэчыцкім раёне беларускі знішчальнік спрабаваў збіць дрон, падобны да расійскага “Шахеда”. 

Людзі з розных раёнаў публікавалі таксама відэа з расійскімі дронамі, што заляцелі ў Беларусь.

«Гербера» — лёгкі, аднаразовы дрон-прыманка, прызначаны для перагрузкі сістэм ПРА і выяўлення пазіцый радарных комплексаў. Такі апарат можа быць абсталяваны і невялікай баявой часткай.

вс