У пракуратуры расказалі, што «Актыўнымі быць файна» было створанае «прыкладна» ў 2018 годзе. Праз тры гады беларускія ўлады спынілі дзейнасць аб’яднання. Пасля гэтага арганізацыя аднавіла «сваю працу за мяжой з галоўным офісам у Літве, а таксама прадстаўніцтвамі ў Польшчы, Украіне, Грузіі і Швецыі».
«Адным з асноўных яго кірункаў з’яўляецца паступовае аб’яднанне беларускай моладзі ў рамках тэматычных праектаў з наступным уцягваннем удзельнікаў у экстрэмісцкую дзейнасць», — заявілі ў пракуратуры.
22-гадовы абвінавачаны стаў удзельнікам «Актыўнымі быць файна» ў лютым 2022 года. Ён удзельнічаў «у анлайн- і афлайн-трэнінгах» на тэрыторыі Мінска і Магілёва, а «таксама ў 2023−2024 гадах узяў удзел у мерапрыемствах на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі ў якасці прадстаўніка дадзенага аб’яднання». Пасля вяртання ў Беларусь яго затрымалі.
Мінчука прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 361−1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім). Яму прызначылі два гады калоніі са штрафам на 500 базавых велічынь (21 тысяча рублёў).
Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.
Люстэрка/ав