Беларуская Служба

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

23.07.2025 08:44
26-гадовага Мікіту Лосіка затрымалі ў Оршы ў пачатку красавіка 2025 года. Прычынай затрымання стала так званая справа «Беларускага Гаюна».
Мікіта Лосік Фота з сацсетак

Палітвязень Мікіта Лосік, якога 8 ліпеня асудзілі на 3 гады «хіміі» па справе «Беларускага Гаюна», пакінуў Беларусь, паведаміў Фонд салідарнасці BySol.

26-гадовага Мікіту Лосіка затрымалі ў Оршы ў пачатку красавіка 2025 года. Прычынай затрымання стала так званая справа «Беларускага Гаюна».

Лосіка абвінавацілі паводле артыкула 361.4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле версіі следства, Мікіта Лосік у лютым 2022 года даслаў у тэлеграм-канал некалькі фотаздымкаў расійскай вайсковай тэхнікі, якая ехала праз Оршу.

Пасля абвяшчэння прысуду Мікіту Лосіка вызвалілі ў зале суда. Прысуд меў уступіць у законную сілу праз 10 дзён, але ён не стаў чакаць гэтага моманту і выехаў з Беларусі. Цяпер на яго карысць Фонд салідарнасці BySol аб'явіў гуманітарны збор сродкаў

Мікіта — малодшы брат палітвязня Ігара Лосіка, асуджанага на 15 гадоў пазбаўлення волі. Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за пяць гадоў.

эж