Беларуская Служба

З 1 верасня ў беларускіх школах увядуць новыя прадметы

13.08.2025 09:09
З новага навучальнага года для беларускіх школьнікаў уводзяцца некалькі новых прадметаў і факультатываў, паведамляе тэлеканал АНТ.
.
.Taken/pixabay.com/CC0 Public Domain

У 10-11 класах будзе выкладацца новы курс «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», які, як лічыцца, дапаможа вучням лепш зразумець сусветныя падзеі і развіць крытычнае мысленне.

Для вучняў 8-9 класаў адкрываецца факультатыў «Асновы кіравання квадракоптарам». На ім школьнікаў будуць вучыць кіраваць беспілотнікамі, у тым ліку з дапамогай сімулятараў, што, як мяркуецца, паспрыяе папулярызацыі інжынерных прафесій.

Факультатыў «Свет сельскай гаспадаркі» для 7-9 класаў задуманы для таго, каб вучні лепш разабраліся ў асноўных галінах сельскай гаспадаркі і вытворчасці прадуктаў харчавання.

Для старшакласнікаў (10-11 класы) у рамках прадмета «Працаўладкаванне» з’явіцца магчымасць навучацца запатрабаваным рабочым спецыяльнасцям – муляр, аператар АЗС, пячнік, тынкоўшчык, кухар, аўтамабільны слесар, трактарыст. Пасля курса вучні змогуць атрымаць кваліфікацыйны разрад.

Акрамя таго, з 2026 года ўсе дзесяцікласнікі змогуць удзельнічаць у вучэбна-палявых зборах, якія раней праводзілі толькі для кадэтаў і сувораўцаў. Гэтыя зборы запланаваныя на перыяд з 26 мая па 5 чэрвеня.

Наша Ніва/ав