Беларуская Служба

Для тых, хто з'ехаў за мяжу, прыдумалі чарговае абмежаванне

13.08.2025 10:11
У Беларусі хочуць увесці абмежаванне для прадпрымальнікаў – забараніць ім дыстанцыйна, гэта значыць з-за межаў краіны, выходзіць з бізнесу.
.
.Photo: cloudhoreca/pixabay.com/CC0 Public Domain

Гэта прадугледжана праектам Закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) субʼектаў гаспадарання». Дакумент знаходзіцца ў парламенце і рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні.

Цяпер удзельнік таварыства з абмежаванай або дадатковай адказнасцю, каб выйсці з яго, павінен пісьмова аб гэтым паведаміць. Заява падаецца непасрэдна ў сваю ж кампанію.

«Пры гэтым заканадаўства наогул не рэгулюе парадак падачы заявы – гэта можна зрабіць як асабіста, так і накіраваўшы заяву па пошце», – удакладняе экспертка па пытаннях бухгалтарскага і падатковага ўліку Алена Ігнатовіч у сваім тэлеграм-канале.

Пасля таго як фірма атрымае апавяшчэнне, прадпрымальнік лічыцца выйшаў з яе.

Калі законапраект зацвердзяць, то ўдзельнік такога таварыства будзе абавязаны падаваць заяву натарыусу.

«Гэта значыць такое рашэнне аб выхадзе падлягае натарыяльнаму пасведчанню, што запатрабуе асабістай яўкі ўдзельніка або яго прадстаўніка да натарыуса», – дадае экспертка.

Вось што напісана ў законапраекце: «Удзельнік таварыства з абмежаванай адказнасцю мае права ў любы час выйсці з гэтага таварыства незалежна ад згоды іншых яго ўдзельнікаў. У гэтым выпадку ўдзельнік таварыства з абмежаванай адказнасцю абавязаны падаць заяву аб выхадзе натарыусу».

«Стане немагчымым адправіць заяву аб выхадзе, напрыклад, з-за мяжы, – дадае Алена Ігнатовіч. – Калі законапраект не зменіцца, у гаспадарчых таварыстваў і іх удзельнікаў, якія асабліва знаходзяцца за мяжой і не маюць магчымасці прыехаць у Беларусь, яшчэ будзе час падумаць, як паступіць. Плануецца, што названыя палажэнні набудуць моц праз год пасля афіцыйнага апублікавання закона».

Законапраектам прадугледжаны і іншыя змены. Выключаецца магчымасць для ўдзельніка, які падаў заяву аб выхадзе, пасля адклікаць гэтую заяву.

Зеркало/ав