Эканаміст Алесь Аляхновіч пакінуў пасаду дарадцы дэмакратычнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах. Як паведаміла Ціханоўская, гэта адбылося па «асабістых прычынах».
«Алесь Аляхновіч далучыўся да нашай каманды ў 2020 годзе і забяспечыў нашу працу па эканамічных пытаннях на прафесійным узроўні. Ён аб’яднаў больш за 60 вядомых эканамістаў з розных краін, каардынаваў працу з аналітычнымі цэнтрамі, дапамагаў распрацоўваць праграмы рэформаў – ад фінансавай стабільнасці да зялёнай эканомікі, працаваў над Стратэгіяй пераходу да Новай Беларусі. Зараз Алесь сыходзіць па асабістых абставінах», – заявіла Святлана Ціханоўская.
Яна таксама падзякавала эканамісту за «пяць гадоў сумеснай працы».
«Для мяне гэта быў вялікі гонар быць карысным свайму народу ў складаны гістарычны момант. Пяць гадоў вялікай адказнасці і складаных выклікаў, але і час натхнення – знаёмства з вялікім колам таленавітых людзей, ад якіх я шмат чаму навучыўся», – заявіў Алесь Аляхновіч і падзякаваў за «давер і магчымасць працаваць у камандзе».
«Я ні на хвіліну не сумняюся, што праўда і перамога будуць за намі. Мы абавязкова пабачымся ў Новай Беларусі!», – сказаў Аляхновіч.
На Канферэнцыі «Новая Беларусь» была прадстаўлена новая кіраўніца па эканоміцы і фінансах у Аб'яднаным Пераходным Кабінеце – Аліса Рыжычэнка. Эканамічны кірунак будзе развівацца далей пад яе кіраўніцтвам.
аз