«Сербія павінна вырашаць свае праблемы праз дыялог, а не гвалт. Я запрашаю прадстаўнікоў студэнцкага руху на публічныя дэбаты аб будучыні краіны, каб абмеркаваць нашы планы і праграмы, а таксама сумесна асудзіць гвалт на вуліцах», – сказаў Вучыч у відэа, апублікаваным у Instagram.
«Нягледзячы на ўсе негатыўныя меркаванні, якія я маю наконт іх патрабаванняў, я лічу важным, каб мы да іх прыслухаліся. Я лічу, што аднаўленне дыялогу мае вырашальнае значэнне», – падкрэсліў сербскі кіраўнік. «Нам не патрэбна грамадзянская вайна; я хачу пагаварыць пра будучыню Сербіі», – дадаў ён.
«Я прапаную правесці дэбаты на ўсіх тэлеканалах і парталах. З тымі, каго яны самі выберуць, незалежна ад таго, ці з'яўляюцца яны прафесарамі, палітыкамі ці студэнтамі. Я буду гатовы іх выслухаць і разам шукаць рашэнні. Час паказаць твары, але яшчэ важней прадставіць праграмы – тады грамадзяне ўбачаць, чыё бачанне лепшае і больш рэалістычнае для будучыні Сербіі», – заявіў прэзідэнт.
Каментуючы патрабаванні студэнтаў, Вучыч ацаніў, што «спачатку яны маскіравалі (свае намеры) патрабаваннямі справядлівасці, а потым пачалі адкрыта гаварыць пра палітычныя змены і патрабаванні выбараў, хоць раней адхілялі іх».
Студэнты з сербскіх універсітэтаў адхілілі прапанову Вучыча ў паведамленнях на старонцы X. Яны паўтарылі, што будуць «дэбаты падчас выбарчай кампаніі». «Ён хацеў бы пагаварыць з намі, каго ён ужо некалькі месяцаў называе тэрарыстамі. Мы абмяркуем бачанні і праграмы на будучыню, але падчас выбарчай кампаніі, калі ён абвесціць выбары», – заявілі студэнты філасофскага факультэта.
У Сербіі з лістапада 2024 года працягваюцца агульнанацыянальныя пратэсты, калі ў выніку аварыі на чыгуначным вакзале ў Нові-Сад загінула 16 чалавек. Дэманстранты абвінавачваюць улады ў карупцыі і халатнасці, якія, на іх думку, прывялі да абвальвання часткі даху вакзала. У снежні студэнты праявілі ініцыятыву ў арганізацыі пратэстаў, а таксама пачалі блакаванне дзясяткаў факультэтаў па ўсёй краіне.
Студэнты патрабуюць датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія, на іх думку, палегчаць сацыяльна-палітычны крызіс. Урад і прэзідэнт Сербіі адхілілі гэтую ідэю.
На мінулым тыдні ў паўночнасербскіх гарадах Врбас і Бачка-Паланка адбыліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і прыхільнікамі кіруючай Сербскай прагрэсіўнай партыі (СПС). Інцыдэнты прывялі да эскалацыі пратэстаў, якія ў апошнія дні неаднаразова перарасталі ў беспарадкі і сутыкненні з паліцыяй.
Пасля зʼяўлення новых паведамленняў аб празмерным прымяненні гвалту сіламі бяспекі сербскі ўпаўнаважаны па абароне роўнасці Бранкіца Янковіч звярнулася да ўладаў з просьбай спыніць гвалт і заклікала Міністэрства ўнутраных спраў аднолькава ставіцца да ўсіх грамадзян.
У чацвер Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк напісаў у сваім паведамленні на X, што «мірнае рашэнне – адзіны выхад са складанай сітуацыі» ў Сербіі.
PAP/вх