Дэмакратычная лідарка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінетa Святлана Ціханоўская пракаментавала апошнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра палітвязняў.
«Сёння Лукашэнка зноў пракаментаваў магчымы выпуск палітвязняў. За кратамі сядзяць звычайныя беларусы – лекары, настаўнікі, студэнты, пенсіянеры, людзі з інваліднасцю. Менавіта іх дыктатар хлусліва называе небяспечнымі бандытамі, якія нібыта рабілі выбухі ў Беларусі. Але гэта спроба апраўдаць рэпрэсіі супраць людзей, якія мірна адстойвалі свае перакананні і правы... Прымусовая дэпартацыя з краіны – гэта працяг палітычнага тэрору і несправядлівае пакаранне людзей без віны. Рэжым мусіць спыніць рэпрэсіі цалкам, а не проста замяніць адзін ціск на іншы», – напісала Святлана Ціханоўская.
«Свабода» нагадвае, што ў пятніцу, 22 жніўня, Лукашэнка ўпершыню пасля заклікаў Дональда Трампа выпусціць 1300 беларускіх вязняў выказаўся на гэтую тэму. У інтэрв’ю журналістам дзяржаўных СМІ ў Мінску ён расказаў аб працы са зваротамі асуджаных.
Паводле БелТА Лукашэнка паведаміў Трампу, што ў Беларусі ёсць спецыяльная камісія, упаўнаважаная разглядаць адпаведныя запыты асуджаных, але канкрэтныя рашэнні прымае асабіста ён, і гэтая праца вядзецца на пастаяннай аснове.
Што да пазіцыі ЗША ў гэтым пытанні і ліку асобаў, якіх трэба вызваліць, то тут Лукашэнка заявіў:
«Хочаце паўтары або дзве тысячы? Забірайце да сябе, вязіце іх туды. Разлічваць на тое, што мы бандытаў выпусцім, якія палілі, узрывалі, і яны гэта прызнаюць. Яны зноў супраць нас будуць вайну весці? Тут мяне грамадства не падтрымае».
аз