Беларуская Служба

Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расіі

25.08.2025 15:45
Беларусаў актыўна пачалі вербаваць на службу ў расійскую армію з другога кварталу 2023 года.
      ,
Расія і Украіна абмяняліся ваеннапалоннымі ў Беларусі, PAP/EPA/RUSSIAN DEFENCE MINISTRY / HANDOUT

Ва Украіне загінуў грамадзянін Беларусі Аляксандар Раманенка, які ваяваў на баку Расіі з 27 чэрвеня 2024 году. На момант гібелі яму было 27 гадоў, паведамляе «Свабода».

Аб тым, што ён ваюе на баку Расіі, стала вядома ў красавіку, калі ўкраінскі дзяржаўны праект «Хачу жыць» апублікаваў прозвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія падпісалі кантракты з расійскай арміяй. Тады Аляксандар Паўлавіч Раманенка яшчэ быў жывы. 26 верасня яму мела б споўніцца 28 гадоў. Аб гібелі беларуса 25 жніўня паведаміў міжнародны праект «НЕ ЖДИ меня из Украины».

Згодна з інфармацыяй ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Аляксандар Раманенка нарадзіўся ў Мацькаўцах Вілейскага раёну Мінскай вобласці. Апошняе месца ягонай працы – прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Котаў дрэў», якое займаецца распілоўваннем, габляваннем і насычэннем драўніны.

У ініцыятыве былых сілавікоў BelPol паведамілі, што на яго міліцыя тройчы складала адміністрацыйныя пратаколы праз праблемы з алкаголем.

У праекце «НЕ ЖДИ меня из Украины» «Свабодзе» паведамілі, што Аляксандар Раманенка служыў у адным з падраздзелаў 20 гвардзейскай агульнавайсковай арміі Расіі. Яе штаб знаходзіцца ў Варонежы, а асобныя падраздзяленні ў некалькіх абласцях – Варонескай, Курскай, Белгарадзкай, Смаленскай, Бранскай і Маскоўскай. Аднак не змаглі ўдакладніць, на якім кірунку фронту ён загінуў і калі.

Згодна з інфармацыяй Каардынацыйнага штабу, беларусаў актыўна пачалі вербаваць на службу ў расійскую армію з другога кварталу 2023 года. З таго часу колькасць падпісаных з грамадзянамі Беларусі кантрактаў расце.

аз