Беларуская Служба

У тэатры беларускай драматургіі будуць ставіць спектаклі па-руску і па творах расійскіх прапагандыстаў

27.08.2025 19:09
Актуальна сярод 28 прафесійных тэатраў Беларусі толькі чатыры працуюць выключна на беларускай мове.
Тэатр HolgersFotografie /pixabay.com/CC0 Public Domain

Дырэктарка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Навуменка заявіла аб пачатку новага спецыяльнага праекту «РТБД па панядзелках», у межах якога будуць рабіць пастаноўкі «рускай класікі на рускай мове». Пра гэта інфармуе Радыё «Свабода».

На гэта ў сваім Telegram-канале звярнула ўвагу тэатральны крытык Анастасія Панкратава.
«Здаецца, колькасць беларускамоўных тэатраў у Беларусі ізноў паменшыцца», – адзначаецца ў паведамленні.

Адзначаецца, што такі падыход дырэктарка тэатру патлумачыла тым, што «руская класіка – тое поле, тая культурная прастора, у якую заўсёды хочацца акунуцца, гэта добрая глеба і для развіцця трупы, і для міжнародных сувязяў».

Акрамя таго, Святлана Навуменка паведаміла аб намерах прывесці ў афішу РТБД «папулярнага расійскага аўтара» Захара Прылепіна (ён удзельнічаў у першай чачэнскай вайне і ў агрэсіі Расіі супраць Украіны, знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі – рэд.). Зараз вядуць перамовы з расійскім рэжысёрам Юрыем Пахомавым, каб паставіць на беларускай сцэне «Пацанскія аповеды» Прылепіна. Як сказала Навуменка, расійскі глядач, да якога тэатр плануе выязджаць на гастролі, таксама можа зацікавіцца сваім аўтарам.

Выданне «Люстэрка» піша, што ў выпадку рэалізацыі гэтага праекту Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі страціць сваю беларускаарыентаваную спецыфіку.

«Цяпер сярод 28 прафесійных тэатраў Беларусі ён з'яўляецца адным з усяго чатырох, што працуюць выключна на беларускай мове. Апроч РТБД, гэта Купалаўскі, Коласаўскі і Беларускі тэатр «Лялька« (апошнія два знаходзяцца ў Віцебску)», – піша выданне.

У лістападзе 2024 году з РТБД звольнілі чатырох актораў: Максіма Брагінца, Змітра Давідовіча, Арцёма Курэня і Паўла Шыкунова. Пасля іх сышлі Ганна Семяняка і Дзяніс Аўхарэнка. У выніку ў тэатры знялі з паказаў спектаклі «Паляванне на сябе», «Шлюб з ветрам», «Пачупкі», «Карней», «Камень дурасці» і «Забалоцце», якія з таго часу больш ніколі не дэманстраваліся.

Паводле «Люстэрка», з 2020 году ўжо звольнілі практычна палову трупы РТБД, яго дырэктара і мастацкага кіраўніка. Цяпер амаль траціну трупы складаюць маладыя акторы і акторкі, якія прыйшлі ў тэатр у апошнія некалькі гадоў.

Святлана Навуменка стала дырэктарам у жніўні 2024 году.

вс

здымак ілюстрацыйны