Беларуская Служба

Урад вызначыў, як сілавікі могуць абмяжоўваць доступ да інтэрнэту і прыпыняць паслугі сувязі

04.09.2025 17:05
Новы парадак афіцыйна замацоўвае практыку блакавання сайтаў і адключэння інтэрнэту.
 .
Ілюстрацыйны здымак.earth phakphum/Shutterstock

У Беларусі пачаў дзейнічаць новы парадак блакавання інтэрнэт-рэсурсаў і прыпынення паслуг сувязі. Згодна з пастановай Саўміна, сілавыя структуры — Генпракуратура, КДБ, Следчы камітэт і МУС — могуць патрабаваць абмежаваць доступ да сайтаў, асобных сэрвісаў або нават адключаць абанентаў ад сувязі - паведамляе Зеркало.

Аператары абавязаныя заблакаваць названыя ў прадстаўленні дамены, IP-адрасы ці спасылкі на працягу чатырох гадзін. Пры гэтым блакаванне закранае не толькі сам сайт, але і ўсе яго паддамены. Карыстальнікі замест старонкі бачаць паведамленне пра абмежаванне доступу.

Паслугі сувязі таксама могуць быць часова прыпыненыя або цалкам скасаваныя. Калі ў прадстаўленні не пазначаны тэрмін, адключэнне дзейнічае паўгода. За гэты час абанент не можа заключаць новыя дамовы з аператарам, а ягоны нумар забаронена перадаваць іншаму карыстальніку.

Аднавіць доступ або сувязь можна толькі пасля ліквідацыі парушэнняў, але канчатковае рашэнне прымае ўпаўнаважаны орган.

Новы парадак афіцыйна замацоўвае практыку блакавання сайтаў і адключэння інтэрнэту, якая ў Беларусі прымянялася апошнія гады.

нг