Літва цяпер не плануе закрываць два дзеючыя кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю. Пра гэта ў каментары для LRT.lt паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў краіны.
Ведамства падкрэслівае, што падчас вучэнняў «Захад-2025» службы МУС, уключаючы Службу аховы дзяржаўнай мяжы, працуюць у рэжыме павышанай гатоўнасці.
«Кантроль на мяжы ўзмоцнены, у тым ліку ў пунктах пропуску», – прыводзяцца ў паведамленні словы міністра ўнутраных спраў Літвы Уладзіслава Кандратовіча.
Паводле інфармацыі МУС, пагранічнікі сумесна з ваеннымі праводзяць дадатковыя меры: узмацняецца назіранне за мяжой, больш актыўна арганізуюцца патруляванні.
«Адказныя службы гатовы аператыўна рэагаваць на магчымыя правакацыі або незаконныя перасячэнні мяжы», – гаворыцца ў заяве.
У міністэрстве таксама падкрэслілі, што пры змене абставін могуць быць прынятыя больш жорсткія рашэнні.
«У выпадку неабходнасці дзяржава задзейнічае ўсе прадугледжаныя меры – ад актывацыі Плана прыкрыцця да закрыцця пунктаў пропуску. Усе дзеянні будуць накіраваныя на абарону нацыянальных інтарэсаў і гарантаванне бяспекі краіны», – паведамілі ў МУС.
LRT.lt/ав