У пятніцу, 12 верасня пачынаюцца расійска-беларускія вайсковыя вучэнні «Захад-2025». З гэтае нагоды Аб’яднаны Пераходы Кабінет Беларусі падрыхтаваў спецыяльную заяву, канстатуючы, што грамадзяне Беларусі пазбаўленыя права выбару і фактычна ўлада ў Беларусі захопленая групай асоб, якая не служыць грамадству і праводзіць супраць яго рэпрэсіі.
У заяве гаворыцца, што вайсковае супрацоўніцтва рэжыму ў Беларусі з дзяржавай-агрэсарам не адпавядае ні волі беларускага народа, ні яго нацыянальным інтарэсам; пагрозы рэгіянальнай бяспецы, выкліканыя палітыкай рэжыму Лукашэнкі, будуць заставацца перманентнымі, пакуль не будзе вырашаны грамадска-палітычны крызіс у Беларусі.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заяўляе, што:
- правядзенне сумесных з Расіяй вайсковых вучэнняў супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, бо знешнія пагрозы, пра якія гавораць ініцыятары вучэнняў, насамрэч цалкам інспіраваныя;
- на фоне вайны Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі з’яўляецца суагрэсарам, вайсковыя вучэнні «Захад-2025» вядуць да эскалацыі напружанасці на кантыненце і ствараюць пагрозы для рэгіянальнай бяспекі;
- размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі і ўключэнне ў вучэнні планаў па яе выкарыстанні – прыклад злачыннай безадказнасці ў сферы падтрымання міжнароднага міру і бяспекі;
- масавае парушэнне паветранай прасторы Польшчы расійскімі дронамі з тэрыторыі Беларусі пацвярджае, што дзеянні Расіі нясуць непасрэдную пагрозу краінам-суседзям і дэстабілізуюць усю сістэму бяспекі ў Еўропе.
Кабінет:
- падтрымлівае справядлівую барацьбу Украіны за незалежнасць, у якой прымаюць удзел у тым ліку беларускія добраахвотнікі і добраахвотніцы, і падкрэслівае неабходнасць прыцягнення да адказнасці вінаватых за агрэсію;
- рашуча выступае супраць саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў ганебнай агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны, якая пачалася пасля мінулых вучэнняў “Захад-2021” і “Саюзная рашучасць-2022“ з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі;
- засцерагае кіраўніцтва Узброеных сіл Беларусі ад правакацый, якія могуць мець негатыўныя наступствы для Беларусі і суседніх краін, а таксама заклікае не ўдзельнічаць у правакацыях з боку Расіі;
- заклікае краіны ЕС захоўваць магчымасць свабодных руху і зносін праз мяжу Беларусі з ЕС, каб пазбегнуць ізаляцыі і абмежавання сувязей беларусаў з вонкавым светам;
- пацвярджае сваю пазіцыю аб тым, што для выхаду з унутрапалітычнага крызісу ў Беларусі, які з’яўляецца першапрычынай знешнепалітычнага крызісу, неабходнае правядзенне Круглага стала для ўмацавання суверэнітэту Беларусі і яе вяртання да статусу донара рэгіянальнай стабільнасці.
Крыніца: Тэлеграм-канал С. Ціханоўскай