Беларуская Служба

Эксперты прагназуюць запаволенне росту ВУП у Беларусі

25.09.2025 09:29
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у верасні пагоршыў травеньскі прагноз росту валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі на 2025 і 2026 гады, вынікае з абноўленага банкам агляду.
.
Иллюстрация.Фото: Shutterstock/ Elle Aon

У папярэдніх прагнозах рост ВУП у Беларусі ў 2025 годзе прагназаваўся спецыялістамі банка на ўзроўні 2,5%, цяпер ён ацэньваецца ў 1,7%, гэта значыць зменшыўся амаль на траціну. Перагледжаны і прагноз на 2026 год: у траўні ЕБРР ацэньваў рост ВУП у 2,5%, цяпер ён зніжаны да 2,3%.

«У студзені — ліпені 2025 года рэальны рост ВУП запаволіўся да 1,3% у гадавым вылічэнні, у асноўным у выніку скарачэння вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Інфляцыя ў ліпені вырасла да 7,4%, што адлюстроўвае рост цэн на прадукты харчавання і паслугі. Улічваючы ўзмацненне залежнасці ад расійскай эканомікі і запаволенне росту ў Расіі, кароткатэрміновыя эканамічныя перспектывы выглядаюць неспрыяльнымі», — адзначае банк.

Зніжэнне росту ВУП на 0,2% (у параўнанні з травеньскім прагнозам) як у 2025, так і ў 2026 гадах (у абодвух выпадках з 1,5% да 1,3%) ЕБРР чакае ў Расіі.

Паводле звестак Белстата, ВУП Беларусі павялічыўся за студзень — жнівень 2025 года на 1,6% да аналагічнага перыяду 2024-га і ў бягучых цэнах склаў 180,1 млрд рублёў. 

Паводле зацверджаных Лукашэнкам найважнейшых эканамічных прагнозных (дэ-факта — планавых) параметрах на 2025 год, рост ВУП павінен скласці 4,1%.

Крыніца: Позірк/юл