Беларуская Служба

Праваабаронцам вядома пра шэраг судовых працэсаў па «справе Гаюна»

30.09.2025 16:23
Фігурантам прызначаюць «хіміі» і калоніі. У бліжэйшы час некалькі судовых працэсаў па гэтай справе адбудзецца ў Мінску.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/Hajun_BY

Напачатку лютага 2025 года тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што іх бот, у які людзі дасылалі інфармацыю пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, быў узламаны. Там утрымлівалася ўразлівая інфармацыя, у тым ліку асабістыя даныя тых, хто пісаў у бот.

Пасля ўзлому кіраўнік маніторынгавага праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт атрымання доступу староннім акаўнтам і заявіў пра спыненне працы «Гаюна». Сам канал быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» яшчэ ў 2022 годзе. Таму за паведамленні праекту прадугледжана крымінальная адказнасць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пасля ўзлому бота тысячы беларусаў аказаліся пад пагрозай пераследу.

Паводле звестак «Вясны", апошнія тры месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». 

Пра першае затрыманне, якое адбылося пасля ўзлому базы «Гаюна», стала вядома яшчэ 6 лютага — на наступны дзень пасля атрымання доступу да бота. У гэты дзень у праўладным тэлеграм-канале з'явілася відэа з 42-гадовым супрацоўнікам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Максімам Нікіценкам. Дома ў яго правялі ператрус.

Цягам апошніх трох месяцаў, па інфармацыі «Вясны», па ўсёй Беларусі адбываюцца затрыманні па гэтай справе. Некаторых беларусаў змясцілі пад варту ў СІЗА паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Падставай сталі фота і відэа з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай, якія дасылаліся вясной 2022 году ў «Беларускі Гаюн». Затрыманні адбыліся ў Мінскім, Брэсцкім і Гомельскім раёнах. Вядома, што адвакаты некаторых затрыманых знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, таму падрабязнасцяў справы няма.

Адзначым, што затрыманых можа быць значна больш, але праз запалоханасць грамадства і пагрозы з боку сілавікоў да «Вясны» не даходзяць усе звесткі пра рэпрэсіі.

Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл