Беларуская Служба

«Кадэбіст выйшаў з пакоя і пакінуў святару пісталет». Што адбываецца з ксяндзом Акалатовічам, якога абвінавацілі ў шпіянажы, за кратамі?

11.10.2025 10:18
Адміністрацыя СІЗА і следчыя ставіліся да яго надзвычай дрэнна, бо віну Акалатовіч не прызнаваў.
K
Kсёндз Генрых Акалатовіч katolik.life

Валожынскаму ксяндзу Генрыху Акалатовічу далі 11 гадоў калоніі. Сталі вядомы некаторыя дэталі яго знаходжання за кратамі, піша «Наша ніва».

У чаканні суда Акалатовіч паводзіў сябе вельмі бадзёра і рашуча, нягледзячы на праблемы са здароўем – 65‑гадовы мужчына перанёс інфаркт, і ў яго выдалены страўнік у сувязі з анкалагічным захворваннем.

«За ўсімі навінамі сачыў, Украіну падтрымліваў, лаяў пастаянна Лукашэнку і Пуціна ў камеры. Там усе баяліся і слова сказаць, бо праслухоўка ў кожнай камеры і людзі сядзяць, якія [падслухоўваюць]. А ён зусім не баяўся нічога».

Адміністрацыя СІЗА і следчыя ставіліся да яго надзвычай дрэнна, бо віну Акалатовіч не прызнаваў. Аднойчы Акалатовіча выклікалі на размову да супрацоўніка КДБ. Той выйшаў з пакоя, дзе адбывалася сустрэча, і пакінуў святару пісталет. «Хацелі паглядзець, што ксёндз рабіць будзе, правакацыя такая была: застрэліцца ці не».

Адзін раз кадэбіст казаў Акалатовічу: «Мы ваўкі, хочам мяса». На гэта святар вырашыў напісаць Церцелю: спытаў, чаго гэта КДБ заробкі не плаціць, што яны мяса не ядуць, і запрасіў да сябе ў Валожын, каб насмажыць ім мяса і пачаставаць.

Следчы, які вёў справу ксяндза, казаў іншым зняволеным, што той «толькі прыкідваецца прастачком, а насамрэч – шпіён».

Да прысуду ксёндз ставіўся спакойна. Расказваў іншым зняволеным гісторыі святароў, якія адсядзелі ці прайшлі ГУЛАГ у часы Савецкага саюза.

«Яго больш хвалявала, што сілавікі забралі машыну, якую парафіі падарыў Папа. Казаў: «Як так? Хай сабе прысуд, а што, будуць пісаць, што Лукашэнка забраў падарунак Папы? Гэта ганьба зусім».

Таксама ксёндз хваляваўся, што сілавікі забралі ў касцёла грошы, якія вернікі збіралі на рамонт будынку. Было там «кілаграмаў 50 манетамі» сабрана.

Валожынскага ксяндза Генрыха Акалатовіча затрымалі ў лістападзе 2023 года. Сілавікі абвінавацілі яго ў «здрадзе дзяржаве». 30 снежня 2024 года мужчыну асудзілі да 11 гадоў калоніі.

У пасланні да вернікаў, якое святар даслаў з-за кратаў, ён напісаў, што, па меркаванні следства, удзельнічаў у «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана». Акалатовіч тады падкрэсліў, што ніколі не быў ніякім шпіёнам, што ён – слуга Бога, а судзяць насамрэч не яго аднаго, а ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі.

Ініцыятыва katolik.life раней паведамляла, што пасля прысуду Акалатовічу ў яго і ў парафіі канфіскавалі не толькі грошы, але і іконы.

Генрых Акалатовіч нарадзіўся ў Новай Мышы пад Баранавічамі ў 1960 годзе ў польскай па свядомасці сям'і.

Ён прыйшоў да святарства яшчэ ў часы савецкага атэізму. Юнаком Акалатовіч вучыўся ў падпольнай семінарыі ў Нядзведцы пад Ляхавічамі. Адслужыў у арміі, вывучыўся на чыгуначніка, але працягваў дабівацца ад уладаў права на афіцыйнае навучанне ў семінарыі. Высвяціў яго таемна біскуп Вінцэнтас Сладкявічус у 1984 годзе.

Генрых Акалатовіч служыў пробашчам у Браславе, Ракаве, Нясвіжы, Бабруйску. Быў першым ксяндзом, які наведаў Катынь. Гэта было ў 1984 годзе, улады яго за гэта там затрымалі і аштрафавалі. Усяго Саветы штрафавалі яго каля 30 разоў.

Родны брат святара Леанард таксама ксёндз.

вх