Беларуская Служба

Тых, хто працуе за мяжой, папярэдзілі: у будучыні ў іх могуць узнікнуць фінансавыя цяжкасці

13.10.2025 13:16
Важна, у якой краіне чалавек працуе. 
 .
Ілюстрацыйны здымак.Pixabay.com / Alexas_Fotos

У Міністэрстве працы папярэдзілі беларусаў, якія працуюць за мяжой, каб яны загадзя паклапаціліся пра свае будучыя пенсіі. Ва ўстанове адзначылі, што важна ўлічваць, у якой краіне працуе чалавек. «Зеркало» тлумачыць падрабязнасці.

Міністр працы Наталля Паўлючэнка нагадала, што Беларусь мае пенсійныя пагадненні з некаторымі краінамі.

«У першую чаргу, вядома, гэта агульная дамова з краінамі ЕАЭС. Тут працэсы ўрэгуляваныя, і правы работніка абароненыя. Гэта і разлік пенсійных гарантый паводле заканадаўства той краіны, куды ён выязджае, — адзначыла чыноўніца. — Ну і, адпаведна, за той перыяд часу, калі работнік працуе ў Рэспубліцы Беларусь, дзейнічаюць нашыя ўнутраныя правілы».

Міністр таксама звярнула ўвагу на сітуацыі, калі беларусы працуюць не ў краінах ЕАЭС, а ў іншых дзяржавах: «Тут трэба разумець, што работніку неабходна самастойна клапаціцца і пра сваю пенсійную будучыню». Чыноўніца параіла праверыць у спецыяльнай мабільнай праграме Фонду сацыяльнай абароны свой працоўны і страхавы стаж (другі — гэта перыяд выплаты ўзносаў на пенсію).

Беларусь мае пенсійныя пагадненні з шэрагам дзяржаў. Першая група — гэта краіны Еўразійскага эканамічнага саюза (Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія). Другая — Азербайджан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Чэхія, Эстонія. Раней падобнае пагадненне дзейнічала і з Украінай, але яно было скасавана.

Гэтыя дамоўленасці прадугледжваюць, што пры прызначэнні пенсіі можа залічвацца працоўны стаж, набыты на тэрыторыі адной з краін. Таксама яны дазваляюць так званы «экспарт пенсіі» — гэта значыць, што беларусы могуць жыць, напрыклад, у Польшчы і атрымліваць там пенсію, прызначаную ў Беларусі. Аналагічна і палякі могуць жыць у Беларусі і атрымліваць тут польскую пенсію.

Калі ж краіна, у якой вы працуеце, не мае адпаведнага пагаднення з Беларуссю, то ні «экспарт», ні «імпарт» пенсій не прадугледжаны.

Тыя, хто не набярэ мінімальнага страхавога стажу (гэта значыць, перыяд выплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва), могуць разлічваць толькі на сацыяльную пенсію. Цяпер яна складае 243,86 рубля. Пры гэтым жанчынам яе прызначаюць у 60 гадоў, а мужчынам — у 65.

На сёння мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі ў Беларусі, складае 20 гадоў. Раней гэты паказчык складаў толькі пяць гадоў, але з 2013 года яго пачалі паступова павышаць.

нг