Беларуская Служба

Абвешчаны кароткі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава

15.10.2025 17:14
Імя пераможцы будзе абвешчана падчас вялікага канцэрту фестывалю «Бардаўская восень» у Бельску Падляскім 25 кастрычніка.
Абвешчаны кароткі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыставаpenbelarus.org

Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава абвясціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі 2024 года.

У яго ўвайшлі:

1. Андрэй Пакроўскі, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Гіброіды» Сяргея Прылуцкага (Мяне Няма, 2024)

2. Маша Мароз, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Доўгая дарога дамоў» Машы Мароз, Валерыя Мароза, Ігара Бабкова, Ганны Карпенкі (самвыд, 2024)

3. Артур Вакараў – вокладка кнігі «Жаўнеры БНР» Алега Латышонка (Kamunikat.org, 2024)

4. Анастасія Вішнякова – вокладка кнігі «Залатое» Наталкі Кучмель (Пфляўмбаўм, 2024)

5. Ігар Юхневіч, Маша Мароз – вокладка кнігі «Мое баба – діректор морга» Голі з Ополя (самвыд, 2024)

6. Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак, Верна Харт – вокладка кнігі «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» Таццяны Заміроўскай (Мяне Няма, 2024)

«Сёлетні кароткі спіс – гэта свята стылю, сэнсавых гульняў і павышанай чуллівасці да літараформаў», – апісвае свае ўражанні ад сёлетняга кароткага спіса сябра журы Надзея Зелянкова.

«Цікава бачыць кнігі з розным падыходам: больш класічныя і прадказальныя ў дызайне, але ад гэтага не менш прафесійныя; смелыя – што дазваляюць сабе эксперыментаваць і нават хуліганіць. Асабліва каштоўна, калі відаць стаўленне да кнігі як да асобнага мастацкага праекта, са стварэннем ілюстрацый ці нават распрацоўкай уласных шрыфтоў», – сказала Надзея Зелянкова.

Імя пераможцы будзе абвешчана падчас вялікага канцэрту фестывалю «Бардаўская восень» у Бельску Падляскім 25 кастрычніка.

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава ўшаноўвае спадчыну выбітнага беларускага мастака, дызайнера і культуролага, які значна паўплываў на развіццё візуальнай культуры Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак.

Арганізатары прэміі – Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L», кампаніі «Laut» і фестывалю «Бардаўская восень».

За апошнія гады прэмія адзначыла цэлы шэраг таленавітых дызайнераў і выданняў, якія фармуюць твар сучаснай беларускай кнігі.

аз

Музей Яўгеніі Янішчыц пераедзе ў Музей беларускага Палесся

15.10.2025 15:15
Навіна пра закрыццё музея выклікала значны рэзананс.