У сувязі з масавымі залётамі метэазондаў з тэрыторыі Беларусі ўрад Літвы падрыхтаваў праект пастановы аб закрыцці мяжы «на нявызначаны тэрмін», заявіла прэм’ер-міністр балтыйскай краіны Інга Ругінене пасля праведзенага 27 кастрычніка пасяджэння Камісіі нацыянальнай бяспекі. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Паводле яе слоў, якія прыводзіць LRT, у рашэнні прадугледжаныя выключэнні: «Гэта азначае, што дыпламаты і дыпламатычная пошта змогуць перасоўвацца, а нашы грамадзяне і грамадзяне краін ЕС таксама змогуць уязджаць да нас з Беларусі, але ўсё астатняе перамяшчэнне будзе закрытае. Такім чынам, мы пасылаем сігнал Беларусі і кажам, што не пацерпім тут ніякіх гібрыдных нападаў, мы прымем усе самыя строгія меры для спынення падобных нападаў».
Ругінене адзначыла, што да ўрэгулявання сітуацыі падключаецца МЗС Літвы, якое сумесна з ЕС будзе ўзгадняць пакет дадатковых санкцый супраць Беларусі.
«Гэта будзе зроблена ў бліжэйшы час. Мы таксама актыўна кансультуемся і маем зносіны з нашымі саюзнікамі і суседзямі - Польшчай і Латвіяй. Любыя нашы дзеянні таксама ўзгадняюцца з імі, мы не асобная дзяржава, мы – частка НАТА і ЕС. Мы каардынуем з імі ўсё, што робім», – сказала кіраўнік урада.
Паводле яе слоў, з 27 кастрычніка літоўскія вайскоўцы будуць прымаць «усе неабходныя меры» для спынення заляцелых паветраных шароў, у тым ліку выкарыстоўваць «кінэтычныя сродкі» для іх збівання. «Такім чынам, мы пасылаем сігнал аб тым, што гатовыя прыняць нават самыя строгія меры пры парушэнні нашай паветранай прасторы», – дадала Ругінене.
Прэм’ер таксама паведаміла, што на пасяджэнні ўрада 29 кастрычніка будзе прадстаўлены новы праект паправак у Крымінальны кодэкс, мэта якога – «легалізаваць турэмнае зняволенне ў якасці пакарання за кантрабанду». Пазней такі законапраект будзе перададзены ў Сейм, які прыме рашэнне аб яго прыняцці.
Мінулай ноччу з-за залёту аэрастатаў у чацвёрты раз прыпыняў працу аэрапорт у Вільні. Таксама Літва прыкладна з 22:10 закрыла абодва наземныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю – Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). Апошні раз да гэтага яны зачыняліся з 22:45 25 кастрычніка да 2:00 26 кастрычніка.
Раней прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзіт з Беларусі ў Калінінградскую вобласць (РФ) праз залёт у краіну аэрастатаў.
Учора на тэрыторыю Літвы заляцела 66 метэазондаў.
вс