Беларуская Служба

Ціханоўская абмеркавала ў Парыжы падтрымку беларускіх СМІ

30.10.2025 15:13
Палітык прымае ўдзел у працах Форуму міру.
Святлана ЦіханоўскаяКрыніца: facebook.com/S.Tsikhanouskaya

Падчас Форуму міру, які праходзіць 29–30 кастрычніка ў Парыжы, дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская абмеркавала пытанні падтрымкі беларускіх незалежных СМІ. Пра гэта паведамляе «Позірк».

Як паведаміла прэс-служба палітыка, яна падняла гэтую тэму ў сваім выступленні на форуме, а таксама правяла асобную сустрэчу з кіраўніцтвам Міжнароднага фонду ў падтрымку грамадска значных медыя (IFPIM) – яго дырэктарам Нішантам Лалвані і сустаршынёй, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Марыяй Рэса.

Адзначаецца, што дзякуючы намаганням дэмакратычных сіл IFPIM адкрыў праграму дапамогі беларускім журналістам пры фінансавай падтрымцы Швецыі.

Таксама Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам французскага радыё RFI і міністрам замежных спраў Францыі Жан-Наэлем Баро, каб абмеркаваць «магчымасць стварэння беларускай рэдакцыі RFI», гаворыцца ў паведамленні.

«Беларускія журналісты робяць выдатную працу – яны дапамагаюць людзям даведвацца праўду па абодва бакі мяжы, ствараюць масты і сувязі. І самае важнае – большасць аўдыторыі незалежных медыя ў выгнанні – гэта беларусы ўнутры краіны. Я выкарыстоўваю кожную магчымасць, каб знайсці падтрымку для нашых журналістаў, каб яны маглі працягваць сваю важную місію», – падкрэсліла Ціханоўская.

вс