Беларуская Служба

18 беларусаў узнагароджаныя прэміяй «Голас пакалення свабоды»

06.11.2025 08:53
Ідзецца пра прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай літаратурнай, журналісцкай і праваабарончай супольнасці, якія пасля 2020 года былі вымушаны пакінуць краіну, але працягваюць сваю творчасць і грамадскую дзейнасць у выгнанні.
Ілюстрацыйнае фотаБеларускі ПЭН/penbelarus.org

15 лістапада 2025 года (субота) а 17:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску адбудзецца публічная дыскусія з удзелам лаўрэатаў і лаўрэатак і прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды».

Прэмія «Голас пакалення свабоды» заснаваная Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы».

Падчас сустрэчы можна будзе пазнаёміцца з семярымі лаўрэатамі і лаўрэаткамі, якія падзеляцца асабістымі гісторыямі, досведам выгнання і развагамі пра свабоду слова.  Таксама старшынёй Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай будзе прадстаўлена электронная кніга «Голас пакалення свабоды» – зборнік інтэрв’ю з лаўрэатамі прэміі.

У дыскусіі возьмуць удзел: Зоя Белахвосцік, акторка тэатра і кіно, Аляксандр Капуцкі, грамадскі дзеяч, праваабаронца, Аляксандр Класкоўскі, журналіст, грамадскі дзеяч, Тамара Мацкевіч, педагог, грамадская актывістка, Уладзімір Мацкевіч, філосаф, грамадскі дзеяч, Андрэй Завадскі, эксперт у мясцовым самакіраванні, праваабаронца і Наталля Дуліна, лінгвістка, выкладчыца, грамадская дзяячка.

Павел Сапелка, сябра журы ад Праваабарончага цэнтра «Вясна», зазначыў, што «лаўрэаты прэміі – гэта галасы сумлення ў часы, калі ў навакольным свеце так шмат гвалту, страху і цэнзуры. Мы глядзім на іх шлях і бачым прыклад таго, што нязломнасць і сумленне важнейшыя за ўсё. Цяпер яны сталі для нас сімвалам адвагі, непадуладнай рэпрэсіям і страху. Іх голас працягвае нашую гісторыю, нагадваючы, што нават у часы таталітарызму можна заставацца свабодным. Гэтая ўзнагарода – не толькі знак удзячнасці, але і спроба натхніць на працяг такой важнай і каштоўнай працы».

Крыніца: Беларускі ПЭН/юл