Сусветная асацыяцыя паланійных СМІ правяла ў Варшаве прэс-канферэнцыю ў сядзібе Польскага прэсавага агенцтва (PAP), прысвечаную адкрыццю Сусветнага форуму польскіх дыяспарных СМІ і ўшанаванню Анджэя Пачобута.
Падчас канферэнцыі быў прачытаны зварот Сусветнага форуму польскіх дыяспарных СМІ аб вызваленні Анджэя Пачобута, якога прызналі сімвалам свабоды слова і журналісцкай салідарнасці. Зварот агучыў прадстаўнік Еўрапейскага саюза польскай дыяспары Эдуард Трусевіч.
— Звяртаемся да польскіх, еўрапейскіх ды сусветных дзяржаўных устаноў з заклікам актывізаваць высілкі па вызваленні нашага калегі ды больш за тысячу іншых палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі з-за крат.
Апроч таго Старшыня Сусветнай асацыяцыі паланійных СМІ Тэрэса Сыгнарэк перадала Польскаму прэсаваму агенцтву ўзнагароду «За свабоду слова», прысуджаную Анджэю Пачобуту.
— Гэтая статуэтка ўжо не першы год стаіць у мяне на паліцы. Хай лепш яна чакае на Анджэя Пачобута ў сядзібе Польскага прэсавага агенцтва.
Прысутны на прэс-канферэнцый паланійны журналіст Анджэй Пісальнік выказаў спадзяванне аб хуткім вызваленні Анджэя Пачобута.
— Я спадзяюся, што адкрыццё памежных пераходаў будзе элементам дамоўленасці з Лукашэнкам і Анджэй неўзабаве будзе на свабодзе.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі паланійных СМІ з усяго свету, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый, якія супрацоўнічаюць з польскай дыяспарай.
ПР/юл