Калядны збор сродкаў для дзяцей палітвязняў запусціў фонд салідарнасці BySol.
«Дарослы свет паспеў прычыніць гэтым дзецям занадта шмат дрэннага: выклікаць трывогу, пазбавіць звыклага клопату, прымусіць перажываць расстанне з самымі роднымі людзьмі. Гэта тое, з чым не павінна сутыкацца ні адно дзіця. Менавіта мы з вамі можам паказаць, што свет дарослых бывае не толькі жорсткім», – гаворыцца ў апісанні збору на сайце фонду.
Адзначаецца, што збор «прыдуманы для таго, каб сем’і палітвязняў атрымалі падтрымку, а кожнае дзіця – знак увагі і надзею», паведамляе «Позірк».
«Мы прымаем заяўкі ад бацькоў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і ад тых, хто цяпер клапоціцца пра дзяцей палітвязняў. На кожнае дзіця мы разлічваем сабраць па 100 еўра – каб у гэтых сем’ях была магчымасць стварыць адчуванне сапраўднага свята», – паведамляе BySol.
Фонд чакае больш за 200 заявак на атрыманне сродкаў. «Каб ніхто не застаўся без падарунка, нам разам з вамі трэба сабраць больш за 20 тыс. еўра. Сума вялікая, але беларуская салідарнасць ужо не раз даказвала, што разам мы можам зрабіць гэта. Кожны ваш уклад вельмі важны – 5, і 10, і 100 еўра. Любая сума ператворыцца ў частку вялікага цуду», – падкрэсліваецца ў публікацыі.
Паведамляецца, што сваякі палітвязняў або былыя вязні могуць падаць заяўку на атрыманне сродкаў для дзяцей да 16 гадоў да 21 снежня ўключна.
З удакладняючымі пытаннямі фонд заклікаў звяртацца на акаўнт у месенджары «Телеграм» – @bysol_pzk.
Фонд салідарнасці BySol заснаваны ў 2020 годзе. Займаецца зборам сродкаў і аказаннем іншай дапамогі людзям, пацярпелым ад палітычных рэпрэсій у Беларусі.
вс