Беларуская Служба

Сёння ўрад Літвы прыме рашэнне аб адкрыцці мяжы з Беларуссю

19.11.2025 09:44
Літва пакідае за сабой права не адкрываць памежных пераходаў наогул або закрыць іх у любы момант, калі яны будуць адкрытыя - прэм'ер-міністр.
   ( )
Пункт пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог»)крыніца: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы/Valstybės sienos apsaugos tarnyba

Урад у Вільні прыме рашэнне аб адкрыцці мяжы з Беларуссю сёння, 19 лістапада. Аб гэтым паведаміла прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене, піша партал LRT.

«Камісія рэкамендавала разгледзець магчымасць адкрыцця межаў, а дакладней, двух закрытых памежных пераходаў, на заўтрашнім паседжанні ўрада», – заявіла Ругінене пасля паседжання Камісіі па нацыянальнай бяспецы 18 лістапада.

Паводле слоў прэмʼер-міністра, у залежнасці ад прынятага рашэння памежныя пераходы могуць быць зноў адкрытыя на працягу 24 гадзін з улікам падрыхтоўчых работ.

Пры гэтым Ругінене адзначыла, што сітуацыя мяняецца кожны дзень і Літва пакідае за сабой права не адкрываць памежных пераходаў наогул або закрыць іх у любы момант, калі яны будуць адкрытыя.

Прэмʼер таксама заявіла, што колькасць паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі сапраўды апошнім часам зменшылася. Яна не звязала гэта з горшымі ўмовамі надворʼя.

На пытанне, ці лічыць Ругінене, што рашэнне аб закрыцці пунктаў пропуску дасягнула жаданага выніку, яна сказала, што для бяспекі краіны зроблена ўсё магчымае.

вс