Беларуская Служба

Украінцы складаюць большасць сярод 224 замежнікаў, якім Аляксандр Лукашэнка даў грамадзянства Беларусі

19.11.2025 18:30
Асобы, якія атрымалі беларускае грамадзянства, занятыя ў розных сферах эканомікі, гаворыць прэс-служба Лукашэнкі.
ПашпартЗдымак: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Беларускае грамадзянства прадаставілі 224 замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, піша «Пул первого». Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 18 лістапада.

Новымі грамадзянамі Беларусі сталі выхадцы з 17 дзяржаваў. Сярод іх – Арменія, Егіпет, Казахстан, Латвія, Малдова, Расія, Турцыя, Узбекістан. Большасць прыбыла з Украіны.

Асобы, якія атрымалі беларускае грамадзянства, занятыя ў розных сферах эканомікі, гаворыць прэс-служба Лукашэнкі. Сярод іх супрацоўнікі галінаў адукацыі, абслугоўвання, работнікі аграпрамысловага комплексу, будаўнічай галіны, прадстаўнікі іншых прафесій.

Акрамя таго, у ліку новых грамадзян Беларусі – доктар і кандыдат навук, якія выкладаюць у адной з галоўных беларускіх ВНУ.

Адначасова Лукашэнка адхіліў шэраг заяў аб прыёме ў грамадзянства ад асобаў, якія парушалі законы Беларусі, гаворыцца ў паведамленні.

Раней Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра тое, што запросіць у краіну пакістанцаў, каб запоўніць недахоп працоўнай сілы. Ускосна дэфіцыт працоўных рук прызнавала i Міністэрства працы Беларусі, нагадвае «Свабода».

Пасля пратэстаў 2020 года і палітычнага пераследу, які не спыняецца і ў канцы 2025 года, Беларусь пакінулі многія грамадзяне краіны. Дакладнай колькасці не ведае ніхто, розныя даследнікі-сацыёлагі паведамляюць розныя лічбы, ад некалькіх тысячаў да мільёна чалавек.

Сёлета Лукашэнка ў ліпені ўжо падпісваў указ, дзякуючы якому беларускае грамадзянства далі амаль тром сотням замежнікаў.

аз

Фінляндыя выдала першы дазвол на жыхарства для дзіцяці на падставе праязнога дакумента замежніка

19.11.2025 16:16
Гэта важны крок, які дае беларускім дзецям магчымасць жыць у бяспецы, лічыць дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі.