ЕС падрыхтаваў шэраг новых санкцый супраць Беларусі, каб закрыць шчыліны, праз якія Мінск дапамагае Расіі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта Радыё Свабода даведалася ад інфармаваных крыніц у Бруселі.
Сярод абмежаванняў, якія ёсць у новым пакеце санкцый ЕС, наступныя:
- Уводзіцца забарона на дадатковы спіс тэхналогій і тавараў падвойнага прызначэння, а таксама тэхналогій і тавараў, якія могуць узмацніць вайсковую прамысловасць і сферу бяспекі. Адзначаецца, што некаторыя з гэтых тавараў Расія выкарыстоўвала ў вайне супраць Украіны — у прыватнасці, кампаненты для беспілотнікаў;
- Датычна шэрагу тавараў, якія могуць узмацніць вайсковую прамысловасць і сферу бяспекі, таксама ўводзіцца забарона на транзіт праз Беларусь;
- Уводзіцца забарона на пастаўкі ў Беларусь некаторых тыпаў праграмнага забеспячэння;
- Абмяжоўваецца імпарт алюмінію з Беларусі;
- Пашыраецца забарона для еўрапейскіх кампаній на аказанне будаўнічых паслуг у Беларусі;
- Забараняюцца дарожныя грузаперавозкі праз тэрыторыю ЕС кампаніям, якімі на 25% ці больш валодаюць беларускія фізічныя ці юрыдычныя асобы;
- Пашыраецца спіс асобаў, якія трапляюць пад санкцыі — сярод іх маюць быць усе, хто атрымлівае выгаду ад беларускага вайскова-прамысловага комплексу;
- Уводзяцца дадатковыя меры кантролю за фінансавымі аперацыямі беларускіх кампаній у ЕС.
-
Адзначаецца, што мэта новага пакету санкцый — максімальна абмежаваць удзел Беларусі ў расійскай ваеннай машыне і перакрыць усе магчымыя шляхі абыходу еўрапейскіх абмежаванняў.
эж