Беларуская Служба

Прысуджаную палітзняволенаму Анджэю Пачобуту прэмію Сахарава ўручаць дачцэ журналіста

28.11.2025 13:02
Цырымонія пройдзе 16 снежня ў Еўрапарламенце.
Andrzej Poczobut
Andrzej PoczobutCCTV/kadr z wideo

Прысуджаную палітзняволенаму Анджэю Пачобуту прэмію Сахарава ўручаць дачцэ журналіста. Прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава забярэ Яна Пачобут. Яе будзе суправаджаць кіраўніца Падляскага аддзела арганізацыі «Польская супольнасць» Ганна Кетліньска, піша @pozirkonline.

Другая ўзнагароджаная Мзія Амаглабелі таксама не зможа ўзяць удзелу ў цырымоніі ўзнагароджання. Яе будуць прадстаўляць журналіст Gazeti Batumelebi Ірма Дзімітрадзэ і намесніца дырэктара Фонду грамадзянскай супольнасці Грузіі Хатуна Джынджыхадзэ.

Пра тое, што журналіст і актывіст Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут і асуджаная ў Грузіі журналістка Мзія Амаглабелі сталі лаўрэатамі прэміі, паведаміла 22 кастрычніка на пленарнай сесіі Еўрапарламента яго спікер Раберта Метсола.


Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года і з таго часу знаходзіцца за кратамі. На судзе, які адбыўся ў пачатку 2023 года, улады абвінавацілі Пачобута, грамадзяніна Беларусі і актывіста польскай меншасці, у «распальванні сацыяльнай варожасці», а яго дзеянні, звязаныя з падтрымкай польскасці і публікацыямі артыкулаў у СМІ, былі расцэненыя як «рэабілітацыя нацызму». Пачобут таксама быў абвінавачаны ў «закліках да дзейнасці на шкоду Беларусі». Актывіст быў асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі.

Праваабарончыя арганізацыі прызнаюць Пачобута палітычным вязнем, а пераслед у дачыненні да яго — палітычна матываваным. Польскія ўлады пастаянна патрабуюць вызвалення Пачобута і яго рэабілітацыі.

Мзія Амаглабелі, сузаснавальніца і дырэктар незалежных выданняў Batumelebi і Netgazeti, асуджана да двух гадоў пазбаўлення волі за аплявуху начальніку батумскай паліцыі.

50-гадовая журналістка пасля затрымання стала сімвалам барацьбы за свабоду слова ў Грузіі і супраціву рэпрэсіям грузінскіх уладаў. Калегі называюць яе першай журналісткай, якая стала «вязнем сумлення» ў незалежнай Грузіі. 

Амаглабелі абвінавацілі ў нападзе на паліцыянта, але суддзя перакваліфікавала абвінавачанне на артыкул аб супраціве, пагрозе або гвалце ў дачыненні да асобы, якая ахоўвае грамадскі парадак, ці іншага прадстаўніка ўлады.

вх