Мастацкі фільм «Пад шэрым небам» рэжысэркі Мары Тамковіч з'явіўся на шэрагу онлайн-пляцовак, у тым ліку HBO Max, Canal+, Polsat Box і іншых, паведаміў Белсат.
З’яўленне фільму на стрымінгах доўгачаканае: прэм’ера адбылася яшчэ ў чэрвені 2024 года, але раней фільм паказвалі толькі на фестывалях і ў абмежаваным пракаце ў лічаных кінатэатрах за межамі Беларусі. Цяпер яго можна паглядзець онлайн (у Беларусі можа спатрэбіцца VPN і картка непадсанкцыйнага банку, якая спрацуе для аплаты).
Фільм «Пад шэрым небам» заснаваны на рэальных падзеях і распавядае гісторыю журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай і ейнага мужа Ігара Ільяша. Абое цяпер палітычныя зняволеныя ў Беларусі. Фільм пра іх не дакументальны, але грунтуецца на сапраўднай гісторыі, у тым ліку на размовах рэжысёркі з Ільяшом і з затрыманай разам з Кацярынай журналісткай Дар’яй Чульцовай. Фільм здымаўся на мінімальны бюджэт, на здымкі было толькі 15 дзён.
«Пад шэрым небам» перамог на фестывалі «Паўночнае ззянне» ў 2024 годзе, а Мара Тамковіч атрымала прэмію за найлепшы дэбют на 49-м Фестывалі польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні. Цяпер фільм намінавалі на «Еўрапейскае адкрыццё года» на Еўрапейскай кінапрэміі – «Еўрапейскага Оскару». Цырымонія ўзнагароджання пройдзе 17 студзеня 2026 года.
Белсат/ав