На Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы 1–5 снежня 2025 года было прададзена 5 тыс. 40 т бензіну, вырабленага на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах, паведамляе MK.ru са спасылкай на даныя Нацыянальнага біржавога цэнавага агенцтва. Пра гэта піша «Позірк».
Адзначаецца, што продажы гэтага віду беларускага паліва на Пецярбургскай біржы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года выраслі больш як у восем разоў.
«Хоць на працягу тыдня аб’ёмы продажаў паступова зніжаліся, выніковы паказчык значна перавысіў леташнія значэнні», – гаворыцца ў паведамленні.
Раней паведамлялася, што ў кастрычніку 2025 года аб’ём таргоў беларускім бензінам на Пецярбургскай біржы вырас у 47 разоў да кастрычніка 2024-га – да 36 тыс. 480 т. За 19 дзён лістапада на біржы было прададзена 21 тыс. 720 т беларускага бензіну – у сем разоў больш, чым за супастаўны леташні перыяд.
Рост назіраецца на фоне паліўнага крызісу, што намеціўся ў РФ. Прычына – паспяховыя атакі Украіны на нафтаперапрацоўчую інфраструктуру Расіі і месцы захоўвання паліва ў адказ на ваенную агрэсію Масквы.
вс