Беларуская Служба

Памёр вядомы лекар у Калінкавічах. Мясцовыя звязваюць пагаршэнне стану яго здароўя з візітам Абельскай

08.12.2025 17:30
Ірына Абельская – маці Мікалая Лукашэнкі.
Мікалай ВазнюкФота: «Калінкавіцкія навіны»

Раптоўна памёр загадчык стаматалагічнай паліклінікі Калінкавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Мікалай Вазнюк. Афіцыйна пра гэта не паведамлялася. Навіну распавяла крыніца выдання «Флагшток» у медыцынскіх колах, а таксама пацвердзілі журналістам падчас званка ў медустанове, паведамляе «Белсат».

Паводле звестак выдання, Мікалай Вазнюк памёр ад інсульту, яго пахавалі некалькі дзён таму. Да гэтага лекар ляжаў у бальніцы з-за праблем з сэрцам. Пагаршэнне яго стану здароўя адбылося неўзабаве пасля візіту ў Мазыр галоўнага лекара Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру Упраўлення справамі Лукашэнкі (лечкамісіі), члена Савета Рэспублікі Ірыны Абельскай. Адзначаецца, што там яна зладзіла разнос медыкам рэгіёну.

«Са слоў крыніцы, мясцовыя медыкі пачулі ад Абельскай лаянку на свой адрас – яна абражала і прыніжала медработнікаў. Таму ў асяроддзі Вазнюка яго хваробу і смерць звязваюць з гэтым інцыдэнтам», – піша «Флагшток».

У афіцыйных крыніцах пра візіт Абельскай на Гомельшчыну гаварылася, што яна «правяла маніторынг якасці аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву ва ўстановах аховы здароўя». Сярод іншага былі праведзены сустрэчы з адміністрацыямі і працоўнымі калектывамі ўстаноў аховы здароўя, а «праблемныя пытанні ўзятыя на кантроль».

У 2022 годзе Мікалай Вазнюк быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя.

Ірына Абельская – маці Мікалая Лукашэнкі. Акрамя пазначаных пасадаў, яна лічыцца заснавальніцай Мінскай міжнароднай гімназіі, дзе вучацца дзеці прадстаўнікоў прарэжымнай эліты Беларусі.

вс