Суд Партызанскага раёну Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі афіцыйны сайт Рады Еўропы www.coe.int. Пастанова была прынятая 5 снежня, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле сайту арганізацыі, асноўная задача Рады Еўропы – «прасоўваць дэмакратыю, правы чалавека і вяршэнства права ў Еўропе і за яе межамі». Цяпер галоўны прыярытэт Рады Еўропы – «падтрымліваць Украіну ў барацьбе з агрэсіяй Расеі і спрыяць забеспячэнню прыцягнення вінаватых да адказнасці і ажыццяўленню правасуддзя», зазначае «Белсат».
У Раду Еўропы ўваходзяць 46 краінаў, у тым ліку тыя, улады якіх маюць добрыя адносіны з афіцыйным Мінскам, напрыклад, Азербайджан і Венгрыя. Таксама ў арганізацыі ёсць дзяржавы-назіральнікі, сярод іх – Ватыкан і ЗША.
Рада Еўропы выказала падтрымку беларускім дэмакратычным сілам. З беларускім рэжымам адносіны Рады Еўропы былі разарваныя ў 2022 годзе.
Акрамя сайту Рады Еўропы ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі акаўнт у «Інстаграме» палітвязня andreikudzik і буйны расійскі YouTube-канал sotavision, які мае больш за 650 тыс. падпісчыкаў.
вс