Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту і снаўборда (The International Ski and Snowboard Federation, FIS) надала статус індывідуальнага нейтральнага атлета (AIN) шасці беларускім спартоўцам. Гэта пяцёра фрыстайлістаў – алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга, Анастасія Андрыянава, Ігар Драбянкоў і Уладзіслаў Вазнюк, а таксама гарналыжніца Марыя Шканава.
Усе яны змогуць прыняць удзел у кваліфікацыйных спаборніцтвах да Алімпійскіх гульняў 2026 года ў Італіі, паведамляе «Еўрарадыё».
Ліцэнзіі на зімовыя Гульні ў лыжнай акрабатыцы будуць размеркаваныя па выніках кваліфікацыйнага рэйтынгу. Ён складаецца па выніках пяці этапаў Кубка свету-2025/26.
Першы ўжо адбыўся 6 снежня ў Фінляндыі. Другі пройдзе ў кітайскім алімпійскім комплексе «Сікрэт Гардэн» 20-21 снежня. Наступныя тры адбудуцца ўжо пасля Новага года – 6-7, 11-12 і 16-18 студзеня.
аз