З 2020 года не менш як 3.476 чалавек у Беларусі былі асуджаныя па крымінальных справах за дзеянні, звязаныя з анлайн-актыўнасцю, - піша Позірк са спасылкай на справаздачу праваабарончых арганізацый Dissidentby і Human Constanta.
З іх у 2.799 чалавек фігуравалі абвінавачванні, звязаныя з выказваннем меркавання ў сацыяльных сетках, 997 — актыўнасць і ўдзел у лічбавых ініцыятывах.
Сярод асуджаных больш за ўсё (1.186) былі прызнаныя вінаватымі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта), 369 (1.357; абраза прадстаўніка ўлады), 130 (823; распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).
Статыстыка адлюстроўвае колькасць выпадкаў, калі следчыя органы кваліфікавалі дзеянні паводле адпаведных артыкулаў. Адзначаецца, што ў шэрагу спраў фігуруе некалькі артыкулаў адначасова, таму агульная колькасць выпадкаў перавышае колькасць асоб, прыцягнутых да адказнасці.
У Беларусі патрабаванні міжнародных стандартаў свабоды выказвання сістэмна ігнаруюцца, звяртаюць увагу аўтары. Абмежаванні выкарыстоўваюцца пераважна як сродак кантролю над інфармацыяй і грамадскай актыўнасцю, а не для абароны законных інтарэсаў.
“Крыміналізацыя каментароў, падпісак і данатаў прывяла да масавага стрымлівання выказванняў: людзі выдаляюць старыя пасты і каментары (з’яўляюцца нават ініцыятывы якія займаюцца дапамогай у пошуку каментараў для наступнага выдалення), закрываюць акаўнты, пазбягаюць рэакцый і падпісак на каналы, пазначаныя як “экстрэмісцкія”. Сістэмнае выдаленне кантэнту і самацэнзура прыводзяць да страты грамадствам уласных сведчанняў пра рэпрэсіі і ключавыя грамадскія працэсы”, — адзначаецца ў справаздачы.
Але без публічных слядоў “мінулае становіцца менш відавочным, а пераасэнсаванне гістарычных падзей практычна немагчымым, што адкрывае шлях да іх перапісвання ў патрэбным ідэалагічным накірунку”. Гэта прыводзіць да знікнення значнай часткі гісторыі палітычна-сацыяльнага жыцця ў краіне, робіць анлайн-прастору прагназуема маўклівай, i cцiрае лiчбавы след рэпрэсiй, падкрэсліваюць праваабаронцы.
Рызыка крымінальнага пераследу падштурхоўвае актывістаў, журналістаў і іх сем’і да вымушанай эміграцыі: “Гэта прыводзіць да фрагментацыі грамадзянскай супольнасці, дзе частка застаецца ўнутры краіны пад пастаянным кантролем, а частка працягвае працу за мяжой, але без магчымасці бяспечна камунікаваць з тымі, хто ў Беларусі”.
Таксама падкрэсліваецца, што “канвеерныя рашэнні аб прызнанні каналаў і ініцыятыў “экстрэмісцкімі” і рэгулярнае папаўненне спісаў “экстрэмісцкіх матэрыялаў” і “экстрэмісцкіх фармаванняў” фармуюць устойлівую адміністратыўна-прававую матрыцу, у якой любая непадкантрольная камунікацыя можа быць перакваліфікаваная ў злачынства ў любы момант”.
“Сістэма працуе на аснове адвольных і непразрыстых крытэрыяў, што супярэчыць прынцыпу прававой вызначанасці. Так, у прысудах па “данатах” суды прызнавалі вінаватымі людзей, якія на момант пераліку сродкаў не маглі ведаць пра статус атрымальніка. <…> Такім чынам, межы дазволенага дзеяння пастаянна змяняюцца заднім чыслом, што дэманструе поўную адвольнасць прымянення крымінальнага заканадаўства ў дачыненні да анлайн-актыўнасці”, — адзначаюць праваабаронцы.
нг