Фонд BYSOL ладзіць дабрачынную акцыю, каб сем'і палітвязняў адчувалі падтрымку, а кожнае дзіця атрымала знак увагі і надзею.
«Мы прымаем заяўкі ад бацькоў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і ад тых, хто клапоціцца пра дзяцей палітвязняў. На кожнае дзіця мы разлічваем сабраць па 100 еўра – каб у гэтых сем'ях была магчымасць стварыць адчуванне сапраўднага свята», гаворыцца ў заяве фонду.
Арганізацыя зазначае, што сёлета атрымана больш за 200 заявак ад сем'яў палітвязняў. Выплаты ўжо атрымалі 134 дзіцяці з 266.
«Каб ніхто не застаўся без падарункаў, нам разам з вамі трэба сабраць больш за 20 000 еўра. Сума немалая, але беларуская салідарнасць ужо не раз даказвала, што разам мы можам зрабіць гэта. Кожны ваш унёсак вельмі важны – і 5, і 10, і 100 еўра. Любое ахвяраванне ператворыцца ў частку вялікага цуду», зазначаецца ў абвесцы.
Заяўкі прымаюцца ад бацькоў, якія знаходзяцца ў Беларусі і па-за Беларуссю.
Крыніца: BYSOL/юл