Беларуская Служба

Пачобут не стаў размаўляць з «ганцамі рэжыму» – ні з Пратасевічам, ні з Васкрасенскім

30.12.2025 07:10
Два найбольш вядомыя перабежчыкі з дэмакратычнага лагера ў праўладны, Раман Пратасевіч і Юрый Васкрасенскі, падзяліліся гісторыямі пра тое, як яны хацелі падабраць ключы да палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута.
Andrzej Poczobut
Andrzej PoczobutCCTV/kadr z wideo

Аднак Пачобут катэгарычна адмовіўся ад размоў, звярнула ўвагу nashaniva.com.

Раман Пратасевіч расказаў сваю гісторыю падчас эфіру ў праграме прапагандыста Рыгора Азаронка, калі той спытаўся ягоную думку пра тое, што далей будзе з Андрэем Пачобутам у ходзе развіцця магчымага дыялогу рэжыму Лукашэнкі з Польшчай.

«Магу сказаць толькі тое, што пэўны час таму я спрабаваў пабачыцца з тым самым грамадзянінам (маецца на ўвазе Андрэй Пачобут — Заўв. рэд.), але ён увогуле катэгарычна адмовіўся сустракацца, пачаў гаварыць нецэнзурна і гэтак далей. На гэтым уся гэта гісторыя і скончылася», — сказаў на гэта Пратасевіч.

Практычна аналагічную гісторыю падчас размовы з праваабаронцам Леанідам Судаленкам расказаў і Юрый Васкрасенскі:

«Я сустракаўся з Пачобутам у Следчым камітэце, у прысутнасці часовага паверанага ў справах Польшчы. Як ён накінуўся, пачаў абражаць, крычаць! Гэта значыць паводзіў сябе як сацыяпат. Хоць я яго наогул упершыню ў жыцці ўбачыў. Я ж яму ніколі кепскага нічога не рабіў, не зычыў».

Варта адзначыць, што падобную гісторыю Васкрасенскі расказваў яшчэ ў красавіку 2023 года, прытым яна і тады ўжо адбылася «прыкладна паўтара года таму». Калі сваю спробу рабіў Пратасевіч — невядома, але можна меркаваць, што яна магла мець месца прыкладна год таму, калі ўлады спрабавалі выкарыстаць гэтага блогера для прапагандысцкага выкарыстання ключавых палітзняволеных. Менавіта тады ў эфір выйшлі фрагменты ягонай размовы з Віктарам Бабарыкам. 

У кожным разе выглядае, што Андрэй Пачобут цудоўна разумее нікчэмнасць фігур як Васкрасенскага, так і Пратасевіча, а таму катэгарычна ўхіляецца ад любых кантактаў з імі. 

вх