Пры гэтым яна будзе ўразлівай да сітуацыі ў Расіі, якая стала ключавым гандлёвым партнёрам краіны. Гэта вынікае з макраэканамічнага прагнозу экспертаў Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).
Ключавой рызыкай для беларускай эканомікі эксперты назвалі магчымае зніжэнне ВУП у Расіі. Звязана гэта з узмацненнем залежнасці ад суседа: пераарыентацыя на расійскі рынак прывяла да таго, што яго доля ў беларускім экспарце тавараў вырасла да дзвюх трацін. А абмежаваныя лагістычныя магчымасці паставак у іншыя краіны абцяжарваюць хуткую дыверсіфікацыю экспарту і могуць прывесці да скарачэння вытворчасці ў выпадку пагаршэння знешняй кан'юнктуры.
У той жа час эксперты адзначаюць і патэнцыйныя пазітыўныя сцэнары. Пашырэнне бюджэтнага стымулявання ў Расіі можа падтрымаць больш высокія тэмпы росту беларускай эканомікі ў параўнанні з базавым прагнозам.
Дадатковым фактарам росту можа стаць павелічэнне інвестыцыйнай актыўнасці на фоне дзяржаўнай падтрымкі, што здольна павысіць эфектыўнасць эканомікі і пашырыць вытворчы патэнцыял без узмацнення інфляцыйнага націску.
Пазітыўным фактарам можа быць верагоднае змякчэнне знешніх лагістычных абмежаванняў для Беларусі, працягваюць аналітыкі. У прыватнасці, яны разглядаюць магчымасць росту паставак праз мяжу з краінамі ЕС і аднаўленне доступу да балтыйскіх партоў. Гэта прывядзе не толькі да пашырэння экспарту, але і да істотнага аднаўлення транзітнага патэнцыялу, а ў выніку – да паскарэння росту ВУП.
Асноўнай крыніцай росту эканомікі, як чакаецца, будзе ўнутраны попыт, бо павелічэнне даходаў насельніцтва працягне падтрымліваць спажыванне. У той жа час улады захаваюць курс на стымуляванне інвестыцыйнай актыўнасці, у тым ліку за кошт крэдытнай падтрымкі і рэалізацыі больш як 600 праектаў у рамках інвестыцыйных дагавораў з урадам. Гэта, у прыватнасці, павінна падтрымаць будаўнічую галіну і ІТ-сектар.
Пры гэтым узмацненне ўнутранага попыту прывядзе да росту імпарту, тады як экспарт, наадварот, будзе стрымлівацца запаволеннем эканамічнага росту ў Расіі. Дадатковым абмежаваннем для прамысловасці, паводле ацэнкі экспертаў, застануцца высокія запасы гатовай прадукцыі.
Па прагнозе, у 2026 годзе рост коштаў замарудзіцца да 6,9%. Эксперты адзначаюць, што ціск на кошты захаваецца за кошт таго, што людзі больш марнуюць, а магчымае аслабленне беларускага рубля можа зноў падштурхнуць інфляцыю ўгару.
Люстэрка/ав