З моманту прымусовага разлучэння прайшло ўжо дзевяць месяцаў. Мар’ям цяпер жыве ў трушчобах сталіцы Гвінеі Канакры і падтрымлівае сувязь з дачкой толькі праз рэдкія відэазванкі.
Паводле жанчыны і праваабарончых арганізацый, беларускія ўлады выслалі яе ў жніўні 2025 году, пакінуўшы дзіця ў краіне. Сітуацыю ўжо асудзілі эксперты ААН, праваабарончыя арганізацыі і гвінейскія дыпламаты.
Жанчына трапіла ў Беларусь па студэнцкай візе, якую аформіла праз інтэрнэт. Яна спадзявалася праз Беларусь патрапіць у краіны Еўрасаюзу. У Беларусі Сума зацяжарыла і нарадзіла дачку датэрмінова – больш чым за два месяцы да тэрміну. Пры нараджэнні Сабіна важыла ўсяго 600 грамаў і была дастаўленая ў рэанімацыю, дзе беларускія лекары выратавалі ёй жыццё.
Аднак, са словаў маці, пасля гэтага ёй забаранілі наведваць дзіця, пакуль яна не аплаціць медычныя рахункі. За лячэнне выставілі рахунак прыкладна на 33 тысячы долараў.
Мар’ям расказала, што дзесяць дзён хадзіла па Мінску, шукаючы лякарню, куды перавялі яе дачку. Пазней, паводле яе, супрацоўнікі паведамілі, што дзіця накіруюць у дзіцячы дом.
У ліпені 2025 году жанчыну затрымалі за парушэнне міграцыйных правілаў і змясцілі ў ізалятар. Паводле Мар’ям, у ізалятары супрацоўнікі іміграцыйных службаў шукалі сваякоў, якія маглі б аплаціць ёй квіток дадому. Калі такіх не знайшлі, жанчыну ў кайданках даставілі ў аэрапорт і прымусова пасадзілі на рэйс у Стамбул з далейшай дэпартацыяй у Гвінею.
Пасля вяртання на радзіму ёй дазволілі толькі два кароткія відэазванкі з дачкой, якая застаецца ў мінскім дзіцячым доме.
Амбасада Гвінеі ў Маскве паведаміла, што сочыць за справай з вялікай гуманітарнай заклапочанасцю і патрабуе тлумачэнняў ад беларускіх уладаў.
UNICEF у Беларусі, паводле AFP, ведае пра сітуацыю і гатовы аказаць гуманітарную дапамогу дзіцяці. Беларускія ўлады на запыт агенцтва не адказалі.
Радыё Свабода/ав