Інфармацыя, якую маюць вайскоўцы і памежнікі, а таксама асобныя зафіксаваныя выпадкі пацвярджаюць «удзел праваахоўных і вайсковых структур Беларусі ў накіраванні нелегальных мігрантаў да мяжы Латвіі», паведаміла агенцтва LETA са спасылкай на латвійскія Нацыянальныя ўзброеныя сілы (НУС). Пра гэта інфармуе «Позірк».
З матэрыялу, які апублікаваў партал Delfi, вынікае, што «выяўленыя выпадкі, якія паказваюць на скаардынаваныя дзеянні, у тым ліку перавозку нелегальных мігрантаў ваенным транспартам Беларусі і ўдзел службовых асоб у арганізацыі спробаў перасячэння мяжы».
«Падчас правядзення мерапрыемстваў па ахове мяжы ў аднаго з затрыманых нелегальных перасякальнікаў мяжы былі знойдзеныя дакументы і сродкі сувязі, якія належаць беларускаму вайскоўцу, – заявілі НУС. – У ходзе праведзенай праверкі высветлена, што названыя матэрыялы належаць вайскоўцу разведвальнага батальёна 19-й гвардзейскай механізаванай пяхотнай брыгады, якая дыслакуецца ў Віцебскай вобласці (в. Заслонава Лепельскага раёна. – «Позірк».). Дакументы ўключалі ўнутраную дакументацыю вайсковай часці, у тым ліку ўлік выдадзеных матэрыяльна-тэхнічных сродкаў».
Сцвярджаецца, што ў мабільных прыладах затрыманых замежнікаў «выяўленыя выявы, на якіх адлюстраваныя службовыя асобы Памежнай службы Беларусі разам з нелегальнымі мігрантамі, у тым ліку ў транспартных сродках вайсковага тыпу». «Зафіксаваныя выпадкі, калі прадстаўнікі пагранічных структур Беларусі ўдзельнічалі ў дастаўцы імігрантаў да месцаў, адкуль іх накіроўваюць для перасячэння дзяржаўнай мяжы Латвіі», – гаворыцца ў тэксце.
Акрамя таго, паводле інфармацыі латвійскіх вайскоўцаў, «выяўленыя выпадкі, якія сведчаць пра выкарыстанне нелегальных мігрантаў для збору інфармацыі і пра іншыя элементы гібрыдных пагроз».
Заяўлена, што НУС і Дзяржаўная памежная ахова Латвіі «рэгулярна фіксуюць праявы радыёэлектроннай барацьбы з боку тэрыторыі Беларусі, якія ўплываюць на працу сістэм сувязі і навігацыі ў прыгранічных раёнах».
Як паведамляў «Позірк», у 2025 годзе ў Латвіі зафіксавана больш за 12 тыс. спробаў нелегальнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі. «Пікавым» стаў 2023 год, калі на латвійскім участку беларускай мяжы такіх спробаў было крыху менш за 13 тыс. 900, у 2024-м іх колькасць упала да 5 тыс. 300 выпадкаў.
вс