Французскае выданне Intelligence Online сцвярджае, што КДБ Беларусі фактычна выступае падрадчыкам ФСБ у вяербоўцы ўкраінскіх дыверсантаў для аперацый у Еўропе і ва Украіне. Паводле крыніц у заходніх і ўкраінскіх спецслужбах, структура, якую ўзначальвае Іван Церцель, усё часцей выкарыстоўваецца Масквой для набору маладых украінцаў, здольных свабодна перамяшчацца па ЕС.
Вярбоўка ў асноўным адбываецца анлайн — праз Telegram і іншыя мэсэнджары, без непасрэднага перасячэння мяжы. Аднак Беларусь ужо разглядаецца як транзітная тэрыторыя для агентаў, якія трапляюць у Еўропу з Расіі.
Як прыклад прыводзіцца справа Максіма Двірніка, украінца, затрыманага ў Францыі пасля выбуху бомбы ў гатэлі: ён трапіў у ЕС праз Беларусь і Польшчу. На Захадзе ролю КДБ Беларусі называюць ключавым элементам расійскіх гібрыдных аперацый у Еўропе.
reform.news/эж