Беларуская Служба

У Закозелі адкрылі адрэстаўраваную капліцу Ажэшкаў

22.01.2026 15:45
Гэты помнік неагатычнай архітэктуры, які знаходзіўся на мяжы поўнага разбурэння, поўнасцю адноўлены і даступны наведвальнікам.
У Закозелі адкрылі адрэстаўраваную капліцу АжэшкаўФота: Драгічын.by

Урачыстая цырымонія адкрыцця прайшла 22 студзеня з удзелам мясцовых і дзяржаўных чыноўнікаў - паведамляе Наша Ніва.

Капліца ў Закозелі была пабудавана ў 1849 годзе па праекце архітэктара Францішка Яшчалда, аўтара палаца Пуслоўскіх у Косаве. Заказчык, шляхціц Мікадзім Ажэшка, хацеў стварыць велічны пантэон для свайго роду. Будынак спалучаў у сабе рысы сярэднявечнай готыкі з перадавымі тэхналогіямі XIX стагоддзя, у прыватнасці, выкарыстанне мастацкага чыгуннага ліцця.

Гісторыя капліцы цесна звязаная з лёсам роду Ажэшкаў і падзеямі паўстання 1863–1864 гадоў. Паводле легенды, менавіта тут, пад высокім шпілем, хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання Рамуальд Траўгут, якому дапамагала знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка. Пасля задушэння паўстання расійскія ўлады зачынілі капліцу.

Больш за стагоддзе яна павольна разбуралася: спачатку зніклі каштоўныя інтэр'еры, у Першую сусветную вайну немцы знялі медны дах, а ў пасляваенныя савецкія гады помнік ператварыўся ў небяспечную руіну з вялікімі дзірамі ў скляпеннях і выбітымі вітражамі.

У 2008 годзе археолагі правялі раскопкі ў крыпце, знайшоўшы парэшткі прадстаўнікоў роду і ўнікальныя артэфакты, у тым ліку фрагменты слуцкага пояса.

Сапраўднае выратаванне пачалося ў 2019 годзе, калі аварыйны стан будынка пагражаў абвальваннем скляпенняў. Кошт праекта аднаўлення склаў амаль 4 мільёны рублёў.

Сёння капліца ў Закозелі – перспектыўны турыстычны абʼект. Унутры арганізавана прастора па прынцыпе «халоднага музея» – без штучнага ацяплення, каб не нашкодзіць унікальнаму мікраклімату.

Наведвальнікі змогуць убачыць адноўленыя інтэрʼеры і экспазіцыю артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак: фрагменты слуцкага пояса, дэталі пахавальнага дэкору і скульптуры.

яс