Кандыдатуру экс-палітвязня Мікалая Казлова разглядаюць на пасаду ў Аб'яднаным пераходным кабінеце (АПК), якую раней займаў Аляксандр Азараў. Яго кандыдатуру павінна ўзгодніць Каардынацыйная рада, паведамляе «Белсат».
Пасада Азарава ў АПК называлася «прадстаўнік у справе аднаўлення законнасці і правапарадку». Як будзе называцца пасада Казлова, пакуль невядома.
Мікалай Казлоў нарадзіўся ў 1967 годзе ў Валожыне, вырас у Нясвіжы. Закончыў Новасібірскае вышэйшае агульнавайсковае вучылішча, служыў у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у міратворчай місіі падчас Карабахскага канфлікту. Пасля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь, працаваў у крымінальным вышуку. 17 гадоў быў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах УУС Цэнтральнага раёна Мінска, меў званне падпалкоўніка міліцыі ў запасе.
У 2008 годзе падчас парламенцкіх выбараў Казлоў публічна заявіў пра фальсіфікацыі на выбарчым участку, напісаў рапарт начальству і паведаміў пра інцыдэнт незалежным СМІ. Неўзабаве пасля гэтага яго адправілі ў запас.
У 2012 годзе Казлоў уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, у 2016-м стаў намеснікам старшыні АГП. У 2021 годзе Лукашэнка пазбавіў яго звання падпалкоўніка міліцыі запасу.
Пасля пратэстаў 2020 года Казлова двойчы асуджалі па палітычных справах, яго прызналі палітвязнем. На свабоду ён выйшаў 22 ліпеня 2024 года.
вс