Беларуская Служба

Урад Германіі засакрэціў інфармацыю аб праектах у Беларусі, якую запытвала правапапулісцкая «Альтэрнатыва для Германіі»

01.02.2026 08:02
«Альтэрнатыва для Германіі» пад шырмай абароны нацыянальных інтарэсаў неаднаразова накіроўвала дэпутацкія запыты ва ўрад для атрымання інфармацыі аб падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл.
Бундэстаг ГерманііPiotr Piatrouski/shutterstock

Урад Германіі засакрэціў інфармацыю аб сваіх праектах у Беларусі, а таксама ў Нікарагуа і М’янме, якую запытвала парламенцкая фракцыя ўльтраправай апазіцыйнай партыі «Альтэрнатыва для Германіі», што супрацоўнічае з беларускім рэжымам як мінімум на нізавым узроўні. Пра гэта паведамляе «Позірк».

Кабінет адхіліў тры запыты, накіраваных «АдГ» 11 і 19 снежня 2025 года адносна праектаў па кожнай з названых краін. Гэтыя праекты знаходзяцца ў падпарадкаванні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. Доступу да іх апісання на сайце ведамства і ў сістэме IATI (Ініцыятыва празрыстасці міжнароднай дапамогі) няма.

У выпадку Беларусі гаворка ідзе аб праектах з сумамі фінансавання 500 тыс. і 220 тыс. еўра. Большы рэалізуецца з 1 лістапада 2024 года па 31 кастрычніка 2027 года і датычыць дэмакратычнага і інклюзіўнага кіравання, інклюзіўнасці і пашырэння правоў і магчымасцяў людзей з інваліднасцю, а таксама гендарнай роўнасці. Меншы рэалізуецца з 1 студзеня 2024 года па 31 снежня 2027 года і датычыць рэпрадуктыўнага, мацярынскага і дзіцячага здароўя.

Дэпутаты ад «АдГ» просяць апублікаваць назвы гэтых праектаў і мерапрыемствы, прадугледжаныя ў іх рамках, а таксама цікавяцца прычынамі іх сакрэтнасці, хоць яны фінансуюцца з федэральнага бюджэту.

У адказе ўрада гаворыцца, што Германія сапраўды ўзяла на сябе абавязацельства забяспечваць празрыстасць у рамках IATI, аднак гэта абавязацельства абмежаванае правіламі абароны сакрэтных даных.

«Праца атрымальнікаў грантаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі праходзіць ва ўмовах вельмі рэпрэсіўнага рэжыму пад кіраваннем аўтарытарнага ўрада, чый кіраўнік Аляксандр Лукашэнка і іншыя вядучыя дзеячы знаходзяцца пад санкцыямі ЕС за парушэнні правоў чалавека (гвалт, ціск, незаконныя затрыманні). У гэтым кантэксце інстытуцыі (атрымальнікі дапамогі. – «Позірк».) публічна частак звязваюцца з канкрэтнымі асобамі, абнародаванне імёнаў якіх нясе для іх персанальную пагрозу», – падкрэсліваецца ў адказе ўрада.

Разгалашэнне інфармацыі «азначала б значную рызыку для далейшага існавання мясцовых няўрадавых арганізацый, а таксама для свабоды, прававой і фізічнай бяспекі асоб, якія працуюць у мясцовых партнёрскіх арганізацыях«. «Гэта таксама тычыцца іх нямецкіх партнёраў, якія працуюць на месцах», – гаворыцца ў адказе.

«Альтэрнатыва для Германіі» пад шырмай абароны нацыянальных інтарэсаў неаднаразова накіроўвала дэпутацкія запыты ва ўрад для атрымання інфармацыі аб падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл, у тым ліку праз фонды салідарнасці. Крытыкі ўльтраправых заяўляюць, што запыты «АдГ» паводле стылістыкі падобныя на запыты КДБ.

У маі 2025 года беларускае тэлебачанне паведаміла пра ператрусы ў рэдакцыях рэгіянальных недзяржаўных СМІ, якія выжылі пасля зачысткі незалежнага медыяполя і якія мелі дамовы аб супрацоўніцтве з пасольствам Германіі.

Гучны рэзананс атрымала гісторыя з выкарыстаннем працы палітвязняў беларускай фірмай дэпутата ў федэральнай зямлі Саксонія ад «АдГ» Ёрга Дорнау.

вс