Беларуская Служба

Лукашэнка не паляціць на пасяджэнне Рады міру, паколькі апасаецца санкцый ЕС

11.02.2026 14:30
Кіраўнік МЗС прадставіць Беларусь у Вашынгтоне на першай сустрэчы лідараў Рады міру.
Аляксандр ЛукашэнкаDrop of Light/shutterstock

Аляксандр Лукашэнка атрымаў запрашэнне на першую сустрэчу лідараў у рамках Рады міру. Аб гэтым БЕЛТА заявіла яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант.

«Так, запрашэнне на першую сустрэчу лідараў у рамках Рады міру прэзідэнту Беларусі паступіла. На жаль, мы яго атрымалі позна, рабочы графік на гэты перыяд ужо быў спланаваны. Так, мы з задавальненнем наведалі б Злучаныя Штаты Амерыкі, але ёсць пытанні, якія немагчыма адкласці, — заявіла прэс-сакратар. — Акрамя таго, мы прымаем да ўвагі і магчымыя санкцыі, у першую чаргу Еўрасаюза — з улікам закрыцця паветранай прасторы над ЕС».

У сувязі з гэтым Лукашэнка не зможа прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве.

Наталля Эйсмант адзначыла нацэленасць прэзідэнта ЗША і Рады міру на вырашэнне ўсіх сусветных канфліктаў мірным шляхам.

Яна паведаміла, што ў Вашынгтоне Беларусь будзе прадстаўляць міністр замежных спраў.

«Амерыканскі бок праінфармаваны ўжо аб гэтым рашэнні», — дадала прэс-сакратар.

Як паведамлялася, ЗША плануюць правесці сустрэчу Рады міру ў Вашынгтоне 19 лютага.

нг